Беларускі Калегіюм

Сышоў з жыцьця наш сябра і калега Міхал Анемпадыстаў

Сышоў з жыцьця наш сябра і калега Міхал Анемпадыстаў

 

Паэт, дызайнер, мастак, эсэіст. Аўтар тэкстаў славутага “Народнага альбому”. Выкшталцоны, глыбокі і вельмі добры чалавек, эстэт і мысьляр. Адзін з найярчэйшых персанажаў сучаснай беларускай культурнай ды інтэлектуальнай прасторы.

Міхал Анемпадыстаў быў сябрам Беларускага Калегіюму ад самага пачатку стварэньня нашай інстытуцыі. І праз увесь час ён чытаў лекцыі на аддзяленьні філязофіі і літаратуры. І рабіў гэта бліскуча.

Апошні прачытаны курс называўся “Колер Беларусі”. На яго аснове ў 2017 годзе паўстала спярша аўтарская фотавыстава, а потым шыкоўная кніга з такой самай назваю. З простых рэчаў, выяваў і колераў, іх побытавага ўжытку і гісторыі Міхал ствараў шматмерны вобраз беларускае культуры, стылю ды ідэнтычнасьці, нацыянальнага характару й сьветабачаньня.

Творчы даробак Міхала Анемпадыстава будзе й надалей спрыяць кшталтаваньню культуры нашай краіны.

Вялікі дзякуй табе, Міхале. Ты заўжды будзеш з намі.

Беларускі Калегіюм.

 

Міхалу А. – R.I.P.

Так многа было схавана
На дне філіжанкі кавы, Міхале
Немагчыма паверыць:

Аліцыя і сны дзевяностых
Панкі і танкі
Паўночныя швэдры
Простыя і няпростыя словы

Колеры і тонкія рухі
Бездакорныя гэсты
Жыццё як аблокі

Твая файка была незабыўнай
Твой карабель імклівы

Схаваўся за даляглядам
Ultima Thule

Пакінуўшы вечны след
У тваёй і нашай краіне

Ігар Бабкоў

Assistant

Comments are closed.