Прага Францішка Скарыны. Навуковае падарожжа Беларускага Калегіюма 3–7 жніўня 2017

Прага Францішка Скарыны. Навуковае падарожжа Беларускага Калегіюма 3–7 жніўня 2017

Свет Францішка Скарыны

Да 500-годдзя Беларускай друкаванай Бібліі

Сёлета Беларусь адзначае адну з найважнейшых дат сваёй гісторыі і культуры –

500-годдзе беларускай Бібліі, пачатак беларускага і ўсходнееўрапейскага кнігадруку.

«Найвялікшы з усіх юбілеяў, які здольны змяніць фокус нашага самаразумення, надаць нам сілы і веры, з’яднаць і акрыліць.

6 жніўня 1517 годуу дзень Перамянення Гасподняга Францішак Скарына абвясціў Перамяненне для свайго народу: ён даў сваёй краіне друкаваную кнігу і тым самым улучыў яе ў еўрапейскія цывілізацыйныя зрухі, і больш за тое, ён даў сваім людзям Біблію — асноўны аб’яднаўчы тэкст Заходняга свету — на мове, набліжанай да народнай, і тым самым паставіў сваю культуру на самы перад тых цывілізацыйных зрухаў».

(Ірына Дубянецкая, “Дзеяслоў” №1(68), 2017)

 

Каб адзначыць гэтую незвычайную падзею,

Беларускі Калегіюм выпраўляецца ў навуковае падарожжа ў Прагу з Ірынай Дубянецкай

і запрашае ўсіх, каму цікавая беларуская культурная і інтэлектуальная традыцыя.

 

Такое падарожжа можа адбыцца толькі аднойчы!

Мы апынемся там, дзе ўсё пачалося. І ў той самы дзень…

Падчас вандроўкі па чэшскай Празе мы наведаем мясціны, дзе 500 гадоў таму жыў і працаваў беларускі першадрукар Францішак Скарына. А 6 жніўня мы далучымся да шэсця, якое ладзіць пражская беларуская супольнасць.

Мы пройдзем па Старамесцкай плошчы ў гістарычным цэнтры Прагі, пабачым Астранамічны гадзіннік на ратушы, пабачым той самы будынак, дзе, магчыма,, выйшла у свет першая друкаваная беларуская кніга, пройдзем па незраўнаным Карлавым мосце, убачым гатычны Сабор Святога Віта у Пражскім Градзе.

Наведаем Каралеўскія сады і паркі Прагі, якія былі закладзеныя каралеўскм садоўнікам Францішакам Скарынам. Адведаем два помнікі Скарыну ў Празе, адзін з якіх у колішнім Клементынуме – славутай езуіцкай акадэміі, дзе ў 17 стагоддзі вучыліся Язэп Вельямін Руцкі і Рафал Корсак.

Мы нават зможам пачаставацца мясцовымі напоямі ды прысмакамі ў  карчме «У крале Брабанскего», блізу якой быў пражскі дом Скарыны. Ён яе напэўна ведаў і ў магчыма наведваў 500 гадоў таму! І мы адчуем да сваім досведзе, што Прага любіць і захоўвае сваю гісторыю.

Таксама наведаем шмат іншых месцаў, насычаных беларускім духам – бо Прага ва ўсе часы давала прытулак нашым суайчыннікам, сярод якіх урадоўцы БНР, беларуская ўлюбёнка паэтка Ларыса Геніюш, легендарны спявак Міхась Забэйда-Суміцкі, Васіль Быкаў…

А таксама мы даследуем Прагу як адзін з найпрыгажэйшых гарадоў свету, чароўнае і містычнае места, дзе спалучаюцца, некранутыя часам і бяздумнымі адносінамі, розныя архітэктурныя стылі – часта ў межах аднога будынку! І дзе ўсе старыя дамы (а іх там не пералічыць) маюць свае легенды і гісторыі. А самае галоўнае, мы нават зможам пабачыць, якой была і магла б быць Беларусь – бо многія і многія ідэі, дэталі, вобразы архітэктуры і горадабудаўніцтва былі такімі самымі, як і ў нашай амаль дашчэнту зруйнаванай даўніне.

Па Празе з намі прагуляецца выдатны гісторык і літаратар выкшталцоны Сяржук Абламейка.

Падчас падарожжа мы будзем шукаць адказы на шэраг вострых пытанняў, звязаных з жыццем, сутнасцю дзейнасці і поглядамі Францішака Скарына, а таксама пытанняў, звязаных з беларускай гісторыяй ды фармаваннем сучаснай  беларускай ідэнтычнасці. Вось некаторы яз іх:

  • Чаму можна назваць 1517 год – пачаткам беларускай ідэнтычнасці;
  • Якое значэнне адыгралі пераклады Бібліі ў культуратворчых і нацыятворчых працэсах Еўропы і чаму так важна, што першай беларускай кнігаю была Біблія;
  • Як ідзе працэс перакладу Бібліі ў нашыя часы;
  • Што дало Беларусі 16 стагоддзе і што Беларусь 16 стагоддзя дала свету;
  • Чаму Беларусь сышла з еўрапейскага шляху, які праклаў для яе Скарына;
  • Што значыць перарваная традыцыя для сёняшняй Беларусі.

Вядзе падарожжа Ірына Дубянецкая — біблііст, доктар тэалогіі, доктар філасофіі, акадэмічны дырэктар  Беларускага Калегіюма.

Падарожжа пачнецца ў чацвер увечары 3 жніўня  – з тым, каб пераехаць мяжу і заначаваць ў Польшчы, а раніцай 4 жніўня выехаць у Прагу. Такім чынам ўвечары таго ж дня Прага будзе нашаю! Вяртаемся ў панядзелак 7 жніўня. Праезд у камфортным аўтобусе.

Кошт – 185 еўра.

Запісацца і атрымаць дадатковую інфармацыю можна, патэлефанаваўшы па нумары  +375 29 3391474 Галіне.

martsinovich

Comments are closed.