“Паміж” №11: траекторыя Акудовіча і Рональд Макдональд

“Паміж” №11: траекторыя Акудовіча і Рональд Макдональд

фота – Марына Елістратава

У кнігарні “Логвінаў” 14 снежня прайшла прэзентацыя чарговага нумара традыцыйнага неперыядычнага студэнцкага часопіса Беларускага Калегіюма “Паміж”. №11 прысвечаны дваццацігоддзю Беларускага Калегіюма.

фота – Марына Елістратава

Часопіс – збор паэзіі, мастацкай і інтэлектуальнай прозы.  Беларускі інтэлектуальны дыскурс, адвечны шлях, нацыянальная і культурная (сама)ідэнтычнасць, дзве душы, сяброўства… Гэта тэмы, якія прэпаруюць ў сваіх тэкстах аўтары – студэнты розных гадоў навучання Беларускага Калегіюма аддзялення філасофіі і літаратуры.

фота – Марына Елістратава

У сваім эсэі паэт і бард Міхаіл Бараноўскі прасочвае траекторыі думак Валянціна Акудовіча і Максіма Багдановіча. Кірыл Лысак шукае крыніцу беларускай нядолі. Павал Дарохін абараняе Рональда Макдональда, а Антон Уласенка шукае спрадвечны беларускі шлях.

фота – Марына Елістратава

Антон Барысенка пераклаў эсэй “Сябар” сучаснага італьянскага філосафа Джоржа Агамбена, а Ганна Комар – вершы Чарлза Букоўскага.

фота – Марына Елістратава

Таксама ў часопісе – паэзія Маргарыты Прыкі, Валерыі Данілевіч, Дар’і Трайдэн, проза Сяргея Шаматульскага і Наталлі Бінкевіч.

фота – Марына Елістратава

Набыць новы нумар часопіса “Паміж” можна ў кнігарні “Логвінаў” (пр. Незалежнасці, 37а).

фота – Марына Елістратава

***

Прадмова да часопіса:

“Ад складальнікаў

Мілы дружа, ты трымаеш у руках часопіс «Паміж» Беларускага Калегіюма за 2017 год. Часопіс гэты будзе табе добрай навукай, калі давядзецца выправіцца ў пакручасты шлях па невытлумачаных траекторыях быцця.

Ты даведаешся, што дарога заўсёды застаецца дарогай, як ты б не перасоўваўся: на сваіх дваіх, у вагоне метро ці на старым аўто. І як важна, калі ў далёкую вандроўку з табой выпраўляюцца сябар, кім бы ён не быў – філосафам, казачнай істотай ці нават музычным інструментам. Але толькі разам напаткаўшы прыгоды, шукаючы ці кветку-папараць, ці кветку-хвошч, з сяброў злятаюць любыя маскі.

Табе адкрыецца таямніца, што калі твае ногі бягуць і бягуць па расе, можна як паветра лавіць радыёхвалі, а музыка заўсёды робіць лепей нават самае доўгае падарожжа.

Ты зразумееш, што мы сапраўды сталеем толькі тады, калі напаткае смерць ці цяжкая хвароба дарагіх нам людзей. Але нават пасля сканчэння веку памерлыя ўсё яшчэ працягваюць скардзіцца на жывых. І толькі вершы нараджаюцца мёртвымі.

Ты пераканаешся, што адвечны пошук на другіх шляхох – гэта таксама шлях, а ў падарожжы можна знайсці месцы, якія даўно сышлі пад ваду ці зямлю, але праз тоўшчу вякоў і памяці клічуць нас да сябе.

Урэшце ты спазнаеш, што магчымасць рухацца – гэта найкаштоўнейшы здабытак, які мы маем. Бо без яго старажытныя першаадкрывальнікі ніколі б не здолелі перавярнуць уяўленне чалавецтва пра свет.

Але ж не забывайся, што любая дарога – гэта заўсёды прастора “паміж”.

Беларускаму Калегіюму ў гонар дваццацігоддзя, а таксама табе, дарагі чытач, мы прысвячаем гэты нумар”.

фота – Марына Елістратава

Assistant

Comments are closed.