Адкрыццё навучальнага года

Адкрыццё навучальнага года адбудзецца ў чацвер, 17 лістапада ў прасторы “Верх” (апошні паверх завода “Гарызонт”) у 19:00. Вуліца Куйбышава,22. Канферэнц-зала.
Будзем рады ўсіх бачыць!

adkryccyo

19 лістапада – прэзентацыя кнігі Кірыла Стаселька «Marginalis»

Прэзентацыя кнігі “Marginalis”, якую напісаў выпускнік Беларускага калегіўма, адбудзецца 19 лістапада ў 17:00 ў прасторы “Верх” па адрасе Куйбышава 22, 6 паверх (6 корпус завода Гарызонт). У прэзентацыі прымуць удзел вядомыя беларускія пісьменнікі і музыкі.

poster2
Marginalis – насычаны і захапляльны філасофскі раман, дзеянні якога ахопліваюць больш за чатырыста гадоў, паўтары сотні персанажаў і дзясятка краінаў, пазл з мноства сюжэтных ліній і філасофскіх ды псіхалагічных матываў, якія складаюцца ў адно цэлае.

Дзеянні рамана разгортваюцца вакол уладальнікаў старажытнай загадкавай кнігі. У пошуках сябе і свайго “я” героі рамана прыходзяць да разумення, што часам не меншае значэнне мае тое, што знаходзіцца на палях, па-за цэнтрам, па-за межамі. Па-за межамі гісторыі, жыцця, увагі.

Раман “Marginalis” быў прызнаны самым насычаным творам беларускай літаратуры. У рамане аб’ёмам 251 944 знака сустракаецца не менш за 136 персанажаў. Рэкорд быў зафіксаваны беларускім аналагам Кнігі рэкордаў Гінэса – праектам “Рэкорды Куфара”.

Сачыць за навінамі пра раман можна праз хэштэг #Marginalis

Звесткі пра аўтара:
Кірыл Стаселька нарадзіўся ў Барысаве. У 2013 скончыў факультэт філасофіі і сацыяльных навук БДУ па спецыяльнасці “Сацыялогія”, у 2014 — магiстратуру Інстытута падрыхтоўкі навуковых кадраў пры НАН РБ. З’яўляецца выпускніком Беларускага калегіума, Лятучага ўніверсітэта, Школы маладога пісьменніка пры ГА “Саюз беларускiх пiсьменнiкаў” і Школы маладых менеджараў публічнага адміністравання (Беларусь, Швецыя).

На дадзены момант навучаецца ў аспірантуры Акадэміі навук, з’яўляецца дырэктарам “Агенцтва інфармацыйных тэхналогій “Буцэфал”, кіраўніком інтэрнэт-часопіса infographer.by і каардынатарам праекта “Народны журналіст”.

Публікаваўся ў такіх часопісах, як “Дзеяслоў”, “Маладосць”, “Паміж”, “pARTtisan”, а таксама ў зборніку “Параходзік сучаснасці”.

Папярэдняя кніга Кірыла Стаселька “Дзіцячы маніфест” выйшла летась ды была намінаваная на шэраг літаратурных прэмій, у прыватнасці, трапіла ў шорт-ліст прэміі “Дэбют” і лонг-ліст “Гедройца”.

У межах “Тыдня студэнта” адчыніць свае дзверы Жывая бібліятэка

Пад час Жывай бібліятэкі ў кожнага ёсць магчымасць сустрэцца з Іншым і праз гэта лепш зразумець сябе і навакольны свет.

afisha-12-11

Дзе? Корпус 8 (прашп. Машэрава, 9)

Калі? 12 лістапада 13:00 – 17:00

Кошт? Бясплатна. Трэба толькі запісацца вось тут.

Навошта? Ня гледзячы на тое, што часы мяняюцца, разам з імі часта зусім не мяняюцца стэрэатыпы. Людзі становяцца больш адкрытымі, больш смелымі, але пазбавіцца ад такога феномену, як стэрэатыпы, цалкам не могуць. Таму мы запрашаем вас навучыцца слухаць і паспрабаваць пачуць Іншых, каб лепш зразумець не толькі іх, але і сябе, і гэты сусвет.

Што Вас чакае? Сустрэча з Іншым. Іншы – чалавек з незвычайным лёсам, жыццёвай філасофіяй або рэдкай прафесіяй, гатовы разбурыць некаторыя стэрэатыпы ў Вашай галаве.

Як гэта будзе? Вы прыйдзеце да нас і, з дзясятка заяўленых у каталогу, вылучыце цікавыя для Вас Кнігі. Падчас 30-хвіліннай сесіі з яшчэ 6-8 Чытачамі зможаце паслухаць жыццёвую гісторыю Кнігі і задаць усе пытанні, якія Вас цікавяць і хвалююць. Мерапрыемства будзе доўжыцца 4 гадзіны, таму Вы зможаце прачытаць больш за 5 Кніг, а можаце – спыніцца і на адной.

Што ж такое Жывая бібліятэка? Гэта фармат, які накіраваны на барацьбу са стэрэатыпамі. У нас у якасці Кніг выступаюць жывыя людзі, а працэс чытання ўяўляе сабой размову. У адрозненне ад звычайнай бібліятэкі:

– у нас можа быць шумна;

– нашыя Кнігі заўсёды для Вас адкрытыя і ў час непаразумення гатовы адказаць на вашыя пытанні;

– у нас няма цэнзуры. Можаце быць гатовыя да 100% шчырасці і адкрытасці.

Жывая бібліятэка будзе праходзіць у фармаце міжнароднай метадалогіі Human Library. Арганізатар Жывых бібліятэк ў Беларусі МПГ «Студэнцкая Рада».

Інфармацыйны партнёр Жывых бібліятэк у Беларусі «Беларусский журнал».

Не забывайце падпісвацца на нас у ВК, FB і Instagram дзяліцца навінамі з сябрамі! Мы заўсёды рады новым людзям у камандзе! Калі вы хочаце стаць валанцёрам на Жывой бібліятэцы, прапанваць нам сваё памяшканне, дапамагчы з пошукам кніг ці вы самі кніга, пішыце нам у сацыяльных сетках або на human.library.belarus@gmail.com.

Набор на 2016/2017 навучальны год скончыўся

Беларускі калегіўм скончыў набор на 2016/2017 навучальны год.  Сёлета спецыяльнасці БК карысталіся вялікім попытам навучэнцаў. Агулам было атрымана больш за 160 заявак.

BK

У бліжэйшы час кожны, хто запоўніў анкету і даслаў (пры патрэбе) уласныя тэксты або матывайцыйны ліст, атрымае запрашэнне на сумоўе.

Дзень народзінаў Жывой Бібліятэкі!

Вось ужо 2 гады мы разбураем стэрэатыпы, дапамагаем знайсці адказы на пытанні і адчуць навакольны свет і людзей ва ўсей разнастайсці.

zhb

Жывая Бібліятэка – гэта бібліятэка, дзе “кніга” – гэта чалавек са сваёй гісторыяй, які належыць да якой-небудзь стыгматызаванай групы, валодае ўнікальным вопытам альбо рэдкай прафесіяй. “Іншы” для большасці з нас. “Чытач” абірае “кнігу” па густу і чытае яе на працягу пэўнага часу.

Запрашаем вас правесці гэты святочны дзень з намі і ў чарговы (альбо самы першы раз) упэўніцца, што людзі – гэта больш, чым стэрэатыпы! Мы падрыхтавалі шмат сюрпрызаў, як і належыць у дзень народзінаў: выступы музыкаў, фуршэт, а таксама толькі для наведвальнікаў Жывой Бібліятэкі – зніжка 50% на вечарыну пасля святкавання!

zhb-2

Калі ласка, запоўніце кароткую рэгістрацыйную форму, а таксама сачыце за абнаўленнямі ў нашых суполках Вконтакте і Facebook.

Сустракаемся ў суботу 22 кастрычніка ў 17.00 у новым бары “ДК” (вул. Фабрыцыўса 4, метро Інстытут Культуры, уваход праз блакітныя вароты)

Чакаем вас!

Жывая Бібліятэка будзе праходзіць у фармаце міжнароднай метадалогіі Human Library. Арганізатар Жывых бібліятэк ў Беларусі – МПГ “Студэнцкая Рада”. 
Інфармацыйны партнэр Жывых бібліятэк у Беларусі –
“Беларусский журнал”.

Уручэнне прэміі Гедройца – 12 кастрычніка

Цырымонія ганаравання пераможцаў пройдзе 12 кастрычніка ў гатэлі Renaissance (пр. Дзяржынскага, 1Е). Пачатак а 19-й. Уваход вольны.

На галоўную ўзнагароду сёлета прэтэндуюць наступныя кнігі:

1. Андрэй Адамовіч “Таўсьціла і лешч”, Вільня, “Логвінаў”
2. Валянцін Акудовіч “Прачнуцца ранкам у сваёй краіне”, Вільня, “Логвінаў”
3. Альгерд Бахарэвіч “Белая муха, забойца мужчын”, Мінск, “Галіяфы”
4. Алесь Пашкевіч “Рух”, Мінск, “Кнігазбор”
5. Таня Скарынкіна “Шмат Чэслава Мілаша, крыху Элвіса Прэслі”, Вільня, “Логвінаў”
6. Макс Шчур “Завяршыць гештальт”, Тэрнопаль, “Крок”

Аўтар кнігі, якая зойме трэцяе месца, атрымае двухтыднёвы творчы адпачынак у Берлінскім літаратурным калоквіуме, другое — творчую стыпендыю ў Доме творчасці пісьменнікаў (г. Вісбю, Готланд, Швецыя), першае — чэк ад IdeaBank. Сёлета сума ўзнагароды будзе эквівалентная 5000 еўра.

У журы прэміі сёлета ўвайшлі: Ігар Бабкоў, Сяргей Дубавец, Людміла Рублеўская і Ганна Янкута — з беларускага боку; Анджэй Бжэзецкі і Малгажата Ноцунь — з польскага боку. Ганаровы старшыня журы — Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь Конрад Паўлік.

Папярэднія пераможцы прэміі:
2012 — Павел Касцюкевіч з кнігай “Зборная РБ па негалоўных відах спорту”;
2013 — Уладзімір Някляеў з кнігай “Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без”;
2014 — Ігар Бабкоў “Хвілінка. Тры гісторыі”;
2015 — Віктар Казько “Час збіраць косці”.

Жывая бібліятэка шукае валанцёраў!

Калі вы неабыякава ставіцеся да руйнавання стэрэатыпаў і калі вам цікавыя новыя знаёмствы з людзьмі, якіх вы не сустрэнеце на вуліцы, далучайцеся да каманды Жывой Бібліятэкі!

fota-shukaem-valanterau

Жывая Бібліятэка – гэта метад руйнавання стэрэатыпаў, дзе ў ролі Кніг выступаюць людзі, якія з’яўляюцца прадстаўнікамі самыз розных сацыяльны груп, у дачыненні да якіх у нашых грамадстве існуюць забабоны і стэрэатыпы.

Каб падрыхтаваць Жывую Бібліятэку трэба шмат чаго зрабіць і шмат з кім дамовіцца, таму зараз мы адчуваем вострую неабходнасць у наступных людзях у нашай камандзе:

  1. Бібліятэкар_ка (гэта чалаевек, які прасякнуты ідэяй барацьбы са стрэрэатыпамі і гатовы гэтым займацца шмат і доўга, чалавек, які ўключаны ў каманду, шукае з намі кнігі, праводзіць мерапрыемствы, ездзіць па Беларусі. Гэты чалавек не проста прыходзіць да нас раз на месяц – гэты чалавек становіцца нашай неад’емнай часткай)
  2. PR-мэнэджэр_ка(ы) (патрэбны людзі, якія змогуць весці нашыя сацыяльныя сеткі – іх покуль у нас дзьве УКантакце і Facebook)
  3. Валантэр_ка па тэхнічных пытаннях (дапамога з арганізацыяй прасторы, кава-перапынкам і г.д.)
  4. Журналіст_ка (шукаем чалавека, які здольны цікава распавядаць гісторыі людзей і час ад часу пісаць на прэс-рэлізы)
  5. Фатограф/фотаграфіня (раз на месяц фотаграфаваць мерапрыемствы ў Менску і па магчымасці ездзіць з намі ў рэгіёны)
  6. Дызайнер_ка для стварэння розных прома матэрыялаў (налепкі, саколкі, паштоўгі і г.д.) ды афіш

Наогул мы шукаем усіх гэтых людзей паасобку альбо ўсе гэтыя якасці ў адным чалавеку. Будзем рады вашым лістам на пошту human.library.belarus@gmail.com альбо паведамленням у сацыяльных сетках УК і FB.

Пішыце нам у вольнай форме да 7 кастрычніка наступную інфармацыю: вашае імя, чым вы займаецесь у жыцці, чым вы хочаце займацца ў Жывой бібліятэке і ваш досьвед у гэтай сферы, вашая матывацыя патрапіць у нашую каманду, вашыя кантакты (тэлефон ды пошта).

Лятучы ўніверсітэт набірае слухачоў на новыя адукацыйныя курсы сезону 2016-2017 гг.

Літаральна 2 тыдні засталося да дэдлайну падачы заявак на ўдзел у курсах, семінарах і школах новай праграмы Лятучага ўніверсітэта. Разбіраемся з тым, што цікавага прапануе ўніверсітэцкая супольнасць у сезоне 2016-2017 г.г.

lu

Як навучыцца адрозніваць філасофскія ідэі, культурныя канцэпцыі і напрамкі, якія фармуюць цябе як асобу, як індывідуальнасць, ад спрошчаных і вульгарызаваных ідэй, якія робяць з цябе “прадукт маскульту”, праграмуюць твае паводзіны, стандартызуюць веды?.. Як знайсці тыя каардынаты, сэнсавыя арыенціры, якія ў кантэксце дынамічнай і зменлівай сацыяльнасці дазволяць чалавеку навучыцца наноў “збіраць сябе”?..

Ва ўмовах актуальных палітычных, сацыяльных і культурных выклікаў пошук адказаў на гэтыя пытанні становіцца надзвычай важным. Адукацыя ў дзяржаўных універсітэтах, якая імкнецца да стандартызацыі і ўніфікаванасці, не здольная хутка рэагаваць на тыя змены, што адбываюцца ў грамадстве. У адрозненні ад яе нефармальная адукацыя, больш мабільная і разнастайная, дазваляе знаходзіць адэкватныя спосабы і метады працы са складанымі праблемамі.

Лятучы ўніверсітэт ад пачатку пазыцыянаваў сябе як прастора і супольнасць, дзе культывуюць жывое мысленне, няспынна рэфлексуюць уласнае развіццё і шукаюць новыя, адпаведныя сучаснасці адукацыйныя формы. Таму кожная праграма Лятучага, з аднаго боку, працягвае добрыя традыцыі, але, разам з тым, і спрабуе пазначыць новыя акцэнты, зыходзячы з актуальнай сітуацыі і патрэбаў часу, выклікаў знешніх і ўнутраных.

Гэты навучальны год будзе акцэнтаваны на працы з Індывідуальнасцю, Самавызначэннем і пабудовай Ідэнтычнасці – як асабістай, так і супольнай, з пошукамі і выбудовай Свайго Часу. Прапануем паглядзець на назвы некаторых агульнаўніверсітэцкіх курсаў і семінараў: Індывідуальнасць і мысленне. Уводзіны ў філасофію. (Уладзімір Мацкевіч), Уводзіны ў посткаланіяльную тэорыю (Ігар Бабкоў), Сацыяльная тэорыя і сучаснасць (Галіна Русецкая), Сучасныя медыя і прынцыпы іх аналіза (Аляксандр  Сарна), Катэгорыі і прынцыпы гістарычнага мыслення (Лілія Іллюшына), Тэорыі і практыкі дэмакратыі (Вячаслаў Бабровіч, Майстэрня Свамовы: Мысьліць па-беларуску (Міхаіл Баярын, Ігар Кулікоў)

Індывідуальнасць немагчыма будаваць без падмуркаў – тых культурных  традыцыяў, якія фармуюць нашу ідэнтычнасць як беларускую і еўрапейскую. У новым сезоне Лятучы зноў запрашае ў Школу Бібліі Ірыны Дубянецкай і школу Міхала Анемпадыстава D5. “Дэзань!”.

Двухузроўневая адукацыя ў Лятучым ўніверсітэце дазваляе слухачам удзельнічаць не толькі ў агульнаадукацыйных курсах і семінарах, але і далучыцца да Школаў магістраў гульні – Школа гісторыі ідэй, Метадалагічная школа, Школа ВКЛ, Школа сацыяльна-філасофскай аналітыкі. Гэта невялікія групы, якія працуюць ў  шчыльнай камунікацыі з беларускімі мыслярамі і інтэлектуаламі. Адбор на школы больш сур’езны і патрабуе абавязковага сумоўя з кіраўнікамі.

Больш разгорнутую інфармацыю пра курсы, школы і семінары можна знайсці у “Праграме на год” на сайце Лятучага універсітэта. Тэрміны падачы заявак – да 10 кастрычніка 2016 г. (форма заяўкі па спасылцы курса/школы).

І напрыканцы – адказы на найбольш частыя пытанні:

  • Усе заняткі ў Лятучым бясплатныя
  • Курсы пачнуцца ўжо напрыканцы кастрычніка
  • Заняткі першага і другога ўзроўню будуць праходзіць па вечарох і пераважна ў працоўныя дні
  • Па дадатковых пытаннях можаце звяртацца па адрасе flyuniby@gmail.com

Калі Вы не чакаеце «правільных адказаў», а гатовыя да супольнага пошуку, засваення сродкаў, метадаў і мовы для працы з Індывідуальнасцю, пошуку яе месца ў Мысленні, у сучасным свеце, Вас чакаюць у Лятучым універсітэце!

Беларускі Калегіюм аб’яўляе набор на 2016/2017 навучальны год

Гэта ваш шанец патрапіць у інтэлектуальную супольнасць беларускага грамадства!

 Бк

Што такое Беларускі Калегіюм (БК)?

Беларускі Калегіюм – першая ў незалежнай Беларусі платформа нефармальнай адукацыі, заснаваная ў 1997 годзе. Выкладчыкі БК – вядомыя ў Беларусі і свеце інтэлектуалы, навукоўцы, пісьменнікі, журналісты, іх курсы базуюцца на апошніх навуковых даследаваннях, сучасных методыках і практыках. Праграмы БК не дублююць праграмы дзяржаўных і недзяржаўных універсітэтаў.

Сертыфікат БК не замяняе дыплом аб вышэйшай адукацыі, аднак навучанне ў Калегіюме дае ўнікальныя веды і навыкі, якія значна пашыраюць інтэлектуальныя і прафесійныя гарызонты.

 

Што прапануе Беларускі калегіюм?

БК прапануе навучанне па чатырох спецыялізацыях:

Найноўшая гісторыя. У межах дадзенай праграмы вы зможаце атрымаць веды пра трагічны і ўзнёслы лёс Беларусі ў ХХ стагоддзі. Заняткі вядуць найлепшыя беларускія гісторыкі, якія прэзэнтуюць вынікі сваіх апошніх даследаванняў. Шмат увагі надаецца практычным заняткам (архіўная і экскурсійная практыка і г.д.).

Філасофія і літаратура. Гэты праект не мае аналагаў у краіне. Тут філасофія з літаратурай  яднаюцца ў адно цэлае. Акцэнт робіцца на творчасці, таму да нас найперш прыходзяць за навукай тварэння вершаў, прозы, філасофскіх тэкстаў. Але мы вітаем усіх, хто прагне ісціны і прыгажосці.

Еўрапейская палітыка, грамадства, культура. Гэта ўнікальная для Беларусі адукацыйная праграма, якая дае паглыбленыя веды пра палітычныя, эканамічныя, сацыяльныя ды культурныя працэсы ў Еўрапейскім саюзе і Усходняй Еўропе. Калі вы – малады навуковец ці аналітык, праграма можа стаць выдатным пачаткам вашай кар’еры.

Журналістыка: пачатковы курс. Гэтая праграма  вучыць адрозніваць  прафесійныя журналісцкія прынцыпы ад метадаў агітацыі і прапаганды, прапануе веды і практыку вырабу медыя-прадукту, а таксама паглыбленую спецыялізацыю ў актуальных накірунках медыя-практыкі.

 

Як стаць навучэнцам Калегіюма?

Да ўдзелу ў конкурсе запрашаюцца студэнты старэйшых курсаў або асобы з вышэйшай адукацыяй. У асобных выпадках прымаюцца студэнты малодшых курсаў.

Прыём на навучанне ажыццяўляецца па выніках сумоўя. Для запрашэння на сумоўе трэба запоўніць анкету. Для паступлення на аддзяленне “Філасофія і літаратура” таксама патрабуюцца ўласныя тэксты (падрабязней гл. тут), на аддзяленне “Найноўшая гісторыя” – матывацыйны ліст (падрабязней гл. тут). Іх варта адпраўляць на info@belcollegium.org

Пачатак заняткаў з канца кастрычніка 2016 г.

Заяўкі прымаюцца да 17 кастрычніка 2016 г. уключна

Адказы на асноўныя пытанні, звязаныя з паступленнем і навучаннем, можна паглядзець тут.

Дадатковую інфармацыю можна атрымаць праз info@belcollegium.org, facebook.com/belcollegium

25 верасня – ўрачыстае закрыццё “Тыдня беларускага мыслення”

Цэлы тыдзень з 19 па 25 верасня ў вас ёсць магчымасць не проста хадзіць на лекцыі, дыскусіі ды іншыя імпрэзы, якія складаюцца ў агульную праграму “Тыдня беларускага мыслення”, але займацца мысленнем “тут і цяпер”, прымаць у ім непасрэдны ўдзел ці хаця б проста назіраць за гэтым неверагодным працэсам, з’явай збоку. Гэта заўжды і весела, і сумна, і проста, і складана, і прыемна, і не вельмі прыемна, але любая добрая праца патрабуе і таго, каб яна была добра скончаная.

1

Мы прапануем завяршыць “Тыдзень беларускага мыслення” разам з намі: з яго арганізатарамі, валанцёрамі, удзельнікамі і гасцямі.

Мы падвядзем вынікі “Тыдня”, узгадаем, што адбывалася, распавядзем пра тое, што вы, магчыма, прапусцілі альбо не заўважылі. Сваімі ўражаннямі і ацэнкамі “Тыдня бларускага мыслення” падзеляцца розныя яго “героі”.

Падчас закрыцця “Тыдня” мы нарэшце распавядзем, хто перамог у конкурсе эсэ  “Інтэлектуальная спадчына Беларусі: постаці, ідэі і кантэксты”, і будзем разам узнагароджваць і віншаваць гэтых людзей.

Удзел у імпрэзе возьмуць Улад Вялічка, Валянцін Акудовіч, Уладзімір Мацкевіч, Ірына Дубянецкая, Міхаіл Баярын, аўтары эсэ, якія ўвайшлі ў шорт-ліст конкурсу, ды іншыя цікавыя людзі.

Але і гэта яшчэ не ўсё. Беларускае мысленне жыве і праяўляецца не толькі і не столькі ў навуцы, але і ў іншых сферах: музыцы, эканоміцы, дызайне, палітыцы, культуры і г.д. Таму для закрыцця “Тыдня” мы запрасілі грамадскага і культурнага дзеяча, паэта і пісьменніка, мастака і рок-музыканта “старых традыцый”. І ўсё гэта спалучае ў сабе адзін чалавек. Можаце паспрабаваць здагадацца, хто гэта, самастойна або выпытаць у арганізатараў, а можаце проста даверыцца нашаму выбару і 25 верасня ў 19.00 прыходзіць у прастору “Корпус 8” (пр-т Машэрава, 9) і атрымліваць асалоду ад падзеі.

24 верасня – Жывая бібліятэка ў Галерэі ТUT.BY

Сустрэнься з Iншым на Жывой бібліятэцы!

knigi-2

Іншы – гэта адна з цэнтральных катэгорый сучаснай філасофіі, якая выйшла за акадэмічныя межы і сёння з’яўляецца адным з падмуркаў еўрапейскай культуры. Разуменне і прыняцце Іншага – гэта не толькі этычныя ўстаноўкі, звязаныя з рэалізацыяй правоў чалавека. Праз сустрэчу з Іншым мы разумеем свет, разумеем культуры і каштоўнасці, а найперш разумеем сябе. Іншы  неабходны для мыслення. Каб узнікла ідэя, каб сфармуляваць праблему, каб крытычна аднесціся да любой з’явы, каб не быць спакушаным відавочнасцю і стэрэатыпамі важна бачыць не тое, што падобна на цябе, а іншае. Іншую думку, іншы лад жыцця, іншы спосаб мыслення і карціну свету. Пра ўсё гэта можна даведацца з кніжак, праз фільмы ці неяк інакш. Але галоўным носьбітам ўсіх гэтых іншых сусветаў – ёсць чалавек, асоба.  Сустрэча з іншым – гэта магчымасць праз незразумеласць пашырыць свае асабістыя межы. Сустрэча з іншым – гэта тое, што чакае вас на Жывой бібліятэцы.

Жывая бібліятэка – гэта незвычайная бібліятэка. Тут людзі са сваімі гісторыямі становяцца “кнігамі” для таго, каб адказаць на вашыя пытанні. “Кніга” – гэта чалавек, які належыць да нейкай стыгматызаванай сацыяльнай групы, мае асаблівы светапогляд, унікальную прафесію, належыць да спецыфічнай субкультуры ці мае веравызванне, нязвыклае для большасці з нас. Агулам вельмі падобна на сапраўдную бібліятэку: вы прыходзіце, атрымліваеце картку чытача, запісваеце ў бібліятэкара “кніжку”, якую хочаце пачытаць, і пачынаеце “чытанне” калі надыходзіць час сесіі.

Дата: 24 верасня

Час: 13.00 – 18.00

Месца: Галерэя ТUT.BY, пр.Дзяржынскага, 57 (ст.м. Міхалова)

Не забывайце падпісвацца на нас у ВК і FB і дзяліцца навінамі з сябрамі! Мы заўсёды рады новым людзям у камандзе! Калі вы хочаце стаць валанцёрам на Жывой бібліятэцы, дапамагчы з пошукам кніг ці вы самі кніга, пішыце нам у сацыяльных сетках або на human.library.belarus@gmail.com.

Жывая бібліятэка праходзіць у межах Тыдня беларускага мыслення (19-25 верасня), які сумесна арганізавалі Міжнародны кансорцыум “ЕўраБеларусь“, Лятучы ўніверсітэт, грамадская кампанія “Будзьма беларусамі!”, Беларускі Калегіум, “Мова Нанова”, “Беларусский журнал”, кнігарня “ЛогвінаЎ”, Інстытут палітычных даследаванняў “Палiтычная сфера”.

21 верасня – Публічная дыскусія “Палітычная навука як праблема: лёсы і траекторыі ў сучаснай Беларусі”

21 верасня ў межах “Тыдня беларускага мыслення” пройдзе дыскусія, арганізаваная Беларускім калегіумам і Інстытутам “Палітычная сфера”:

“Палітычная навука як праблема: лёсы і траекторыі ў сучаснай Беларусі”.

Удзельнікі: Андрэй Казакевіч, Андрэй Ягораў, Юры Чавусаў, Аляксандр Філіпаў.

palit-sfera

У інстытуцыялізаванай форме палітычная навука мае 25-ці гадовы досвед развіцця, якія патрабуе свайго асэнсавання. Дыскусія мае на мэце паставіць наступныя пытанні:

  • Што такое паліталогія ў сучаснай Беларусі?
  • Якія ідэі і матывы рухаюць яе развіццё?
  • Наколькі даследаванне палітыкі акадэмічны, а на колькі палітычны феномен?
  • І, нарэшце: ці мае беларуская палітычная навука дасягненні, і якія інтэлектуальныя плыні вызначаць яе развіццё ў будучыні?

Месца правядзення: пр-т Машэрава, 9 (“Корпус 8”). Час правядзення: 17:00-19:00

Шорт-ліст пераможцаў конкурсу эсэ «Інтэлектуальная спадчына Беларусі: постаці, ідэі і кантэксты”

Напярэдадні Тыдня беларускага мыслення вызначыўся шорт-ліст пераможцаў конкурсу эсэ «Інтэлектуальная спадчына Беларусі: постаці, ідэі і кантэксты”. Конкурс ладзіўся ў межах кампаніі “Цытуй сваё”, якая ставіла на мэту звярнуць увагу на беларускае мысленне як неад’емную частку нашай культуры. Нажаль імёны мысляроў, іх ідэі канцэпты вельмі слаба ўсвядомлены і “узяты” у культуру і самаразуменне беларусаў. Ініцыятары конкурсу прапанавалі звярнуцца да розных гістарычных перыядаў і культурных кантэкстаў паўставання беларускага мыслення: ад самых далёкіх часоў да нашых сучаснікаў, якія рабілі свой унёсак у традыцыю апошнія дзесяцігодзі.

TydzienBM (1)

У журы ўвайшлі:

філосаф, метадолаг, заснавальнік Лятучага ўніверсітэта – Уладзімір Мацкевіч

бібліст, багаслоў і філосаф, акадэмічны дырэктар Беларускага калегіюма –

Ірына Дубянецкая, 

філосаф, лінгвіст, санскрытолаг, перакладчык, паэт – Міхаіл Баярын,

літаратар, перакладчык, лаўрэат літаратурных прэмій “Дэбют” і “Залаты апостраф” – Віталь Рыжкоў, 

сацыёлаг, рэдактар аддзела культуры “Беларусского Журнала” – Лідзія Міхеева.

 

Да разгляду прымаліся арыгінальныя аўтарскія эсэ, ў якіх праводзіцца аналіз, рэфлексія, канцэптуалізацыя ці робіцца працяг самых розных аспектаў беларускага мыслення. 

У шорт ліст конкурсу ўвайшлі наступныя працы:

“А хто там і дзе?” Міхаіла Бараноўскага

“Уладзімір Фурс: Беларусь “тут і цяпер” Таццяны Урублеўская-Токер

“Шлях і лёс інтэлектуала: постаці беларускай інтэлектуальнай традыцыі Аляксандра Фамiча Зайкi” Вольгі Дайлід

“Еўдакім Раманавіч Раманаў. Кароткі нарыс жыцця і інтэлектуальнай дзейнасці” Андрэя Кулеша

“На другіх шляхох” Антося Ўласенкі

Цырымонія ўзнагароджання пераможцаў адбудзецца 25 верасня падчас урачыстага закрыцця Тыдня Беларускага мыслення (прастора “Корпус 8” па адрасе пр.Машэрава, 9, пачатак а 19.00).

Пераможцы атрымаюць каштоўныя ўзнагароды, а ўсе аўтары эсэ з шорт-ліста прыемныя падарункі. Найлепшыя працы ўдзельнікаў будуць апублікаваныя на сайтах Будзьма, Беларусскій журнал, Лятучы ўніверсітэт, а таксама войдуць у Альманах, які будзе выдадзены напрыканцы 2016 года.

У арганізацыйны камітэт конкурсы ўваходзяць: Міжнародны кансорцыум “ЕўраБеларусь“, Лятучы ўніверсітэт,  грамадская кампанія “Будзьма беларусамі!“, Беларускі Калегіум, “Мова Нанова“, “Беларусский журнал

Беларускі Калегіюм як інтэлектуальная прастора – 19 верасня

У 1990-х гадох нерэалізаваная беларусамі ў ранейшыя эпохі прага мыслення пачала выяўляцца ў самых розных формах.

Створаны ў 1997 г. Беларускі Калегіюм меў на мэце скансалідаваць інтэлектуальныя сілы краіны дзеля таго, каб перадусім зразумець, кім мы ёсць у свеце і чым ёсць свет, у якім мы сябе знаходзім.

Бк

І вось ужо цягам амаль дваццаці гадоў Калегіюм трымае і пашырае дыскурс беларускага мысьлення.

Спосабы й формы працы ўвесь час мяняюцца, але нязменнаю застаецца мэта: ў супольнай мыследзейнасці выкладчыкаў і студэнтаў прадукаваць новую веду дзеля перастварэння Беларусі ў прастору вольнага мыслення і свабоднай творчасці.

Презэнтацыя ў межах Тыдня беларускага мыслення адбудзецца 19 верасня а 17.30-19.30

па адрасе Корпус 8, пр-т Машэрава, 9

Вядзе імпрэзу акадэмічны дырэктар Беларускага Калегіюму Ірына Дубянецкая.

Удзельнічаюць:

Валянцін Акудовіч,

Уладзімір Арлоў,

Альгерд Бахарэвіч,

Адам Глобус,

Андрэй Казакевіч,

Алесь Разанаў,

Сяргей Харэўскі,

Вольга Шпарага.

Панарама беларускага мыслення – 16 верасня

Яшчэ 30 гадоў таму выразы “беларускае мысленне” ці “беларускі філосаф” гучалі ледзь не як аксюмарон.

TydzienBM (1)

Цягам некалькіх папярэдніх стагоддзяў пры ўсіх уладах беларуская думка мэтанакіравана ігнаравалася, здушалася й заганялася ў фармат песень-жальбаў.

Аднак пры першай гістарычнай магчымасьці беларусы распачалі культурнае вызваленне стварэннем свайго інтэлектуальнага дыскурсу.

Гэта выявілася ў другой палове 1980-х гадоў праз шматлікія філасофскія развагі ў самых розных выданнях, а ад пачатку 1990-х выбухнула вялікай колькасцю інтэлектуальных пэрыёдыкаў, часопісаў, зборнікаў, анталогій ды энцыклапедый.

Панарама беларускага мыслення “Cogito Albarutheniae” (“Мысьлю Беларусь”) дазваляе пабачыць і ацаніць гэты фантастычны фэномэн і пераканацца, што Беларусь – краіна мысляроў.

Прэзентацыя ў межах Тыдня беларускага мыслення адбудзецца 16 верасня а 19.00-22.00

па адрасе Корпус 8, пр-т Машэрава, 9

Вядзе прэзэнтацыю Панарамы філосаф Валянцін Акудовіч, кіраўнік аддзялення філасофіі і літаратуры Беларускага Калегіюму.

Удзельнічаюць ініцыятары і выдаўцы некаторых аб’ектаў Панарамы, стваральнікі прасторы сучаснага беларускага мыслення:

Ігар Бабкоў,

Валер Булгакаў,

Сяргей Дубавец,

Ірына Дубянецкая,

Уладзімір Мацкевіч,

Уладзімір Някляеў,

Сяргей Санько,

Тацяна Шчытцова.

 

19 – 25 верасня 2016 года – Тыдзень беларускага мыслення

 

Праграма мерапрыемстваў “Тыдня беларускага мыслення”, які пройдзе з 19 па 25 верасня, сфармаваная!

TydzienBM (1)

 

Дзясяткі разнастайных мерапрыемстваў па ўсёй краіне штодня будуць аб’ядноўваць беларусаў, для якіх мысленне з’яўляецца безумоўнай каштоўнасцю. А гэта не толькі філосафы і мысляры! Арганізатары падкрэсліваюць, што кажучы “мысленне” разумеюць не прафесійную прыналежнасць, але перадусім здольнасць выказвацца свабодна, свядома ды абгрунтавана.

 

Шэраг інстытуцый грамадзянскай супольнасці ды адукацыйных устаноў аб’ядналіся ідэяй беларускага мыслення як часткі нашай ідэнтычнасці, самаразумення нацыі, шляхоў асэнсавання яе сутнасці ды прызначэння. У канцы траўня 2015 году імі быў распачаты супольны культурніцкі праект “Цытуй сваё!”, які паслужыў стартам “Году беларускага мыслення”. Яскравыя падзеі Году шырока і публічна прадстаўлялі інтэлектуальныя здабыткі Беларусі і прасоўвалі іх ў сучасную культуру.

 

Ініцыятыва “Цытуй сваё” атрымала свой працяг у выданні зборніка і стварэнні арыгінальных дызайнерскіх саколак, была выдадзена і прэзентавана Анталогія беларускага мыслення “Код прысутнасці”, адбылася серыя публічных лекцый і дыскусій “Спадчына Ігната Абдзіраловіча”, а таксама быў абвешчаны конкурс эсэ, прысвечаны постацям, ідэям і кантэкстам паўставання беларускай інтэлектуальнай традыцыі. Падвядзенне вынікаў конкурсу і ўзнагароджанне пераможцаў адбудзецца 25 верасня – на завяршальнай імпрэзе “Тыдня”.

 

Такім чынам “Тыдзень беларускага мыслення”, які пройдзе ў Беларусі з 19 па 25 верасня, ставіць на мэту падвесці вынікі Году і прадставіць усю разнастайнасць формаў і праяваў беларускага мыслення ў сучасным беларускім грамадстве. Маналагічныя развагі на адвечныя і суперактуальныя тэмы, дыялогі і дыскусіі, выставы і майстар-класы, прэзентацыі і нават меладэкламацыі – арганізатары прапануюць праграму для аматараў абсалютна розных формаў і моваў мыслення.

У спіс арганізатараў “Тыдня беларускага мыслення” ўваходзяць: Міжнародны кансорцыум “ЕўраБеларусь“, Лятучы ўніверсітэт, грамадская кампанія “Будзьма беларусамі!”, Беларускі Калегіум, “Мова Нанова”, “Беларусский журнал”, кнігарня “Логвінаў” і Інстытут палітычных даследаванняў “Палiтычная сфера”.

Распачнецца “Тыдзень беларускага мыслення” адкрыццём выставы “Cogito Albarutheniae. Панарама беларускага мыслення”, якую ладзяць “ЕўраБеларусь“, Лятучы ўніверсітэт, Беларускі Калегіум. Адкрыццё адбудзецца 16 верасня ў 19.00 у прасторы Корпус 8 (пр. Машэрава, 9). Арганітзатары акцэнтуюць увагу на тым, што распачынаецца выстава ў пятніцу – напярэдадні “Тыдня” – і спадзяюцца, што дзякуючы ёй удзельнікі натхняцца атмасферай, збяруцца з думкамі, зарыентуюцца, выбудуюць сваю траекторыю па падзеях “Тыдня беларускага мыслення” і акунуцца ў яго віры.

“Гэтая выстава дазволіць убачыць, як словы “беларускае мысленне” са статуса аксюмарана перайшлі ў цалкам ”нармальнае” пазначэнне пэўнай з’явы. Яе можна вывучаць, разумець ці ўключацца праз працяг традыцыі ці крытыку, аспрэчванне і інавацыі, – распавядае каардынатарка “Тыдня беларускага мыслення” Таццяна Вадалажская, – Мы хацелі б, каб “Тыдзень” стаў прыгодай для ўсіх удзельнікаў, калі ў блізкім і знаёмым ты знаходзіш новае і нечаканае, у канцэнтраваным згустку падзеяў разумееш плыні, тэндэнцыі, а можа нават пэўны стыль і сваю мову. У выніку ты знаходзіш сябе ў прасторы мыслення і змяняешся разам з ім.

Больш за дзесяць арганізацый, суполак і ініцыятываў па ўсё Беларусі далучыліся да стварэння падзей “Тыдня беларускага мыслення”. Мерапрыемствы будуць праходзіць на розных пляцоўках не толькі ў Мінску (Корпус8, Галерэя Ў, ЦЭХ, Галерэя ТUT.BY, PUNKT, Press Club Belarus, Imaguru) але і ў Астраўцы, Бабруйску, Берасці, Віцебску, Гомлі, Гродна і Магілёве. Уваход на ўсе мерапрыемствы “Тыдня” – вольны!

Падрабязную і актуальную праграму “Тыдня беларускага мыслення” можна знайсці (і спамаваць) ТУТ, а таксама  на сайце www.fly-uni.org.

Сачыце за абвесткамі ў суполцы падзеі ў Facebook (https://www.facebook.com/events/575359262657411/).

Па дадатковую ці больш дакладную інфармацыю звяртайцеся на адрас cytuj.svajo@gmail.com. Арганізатары з радасцю і імпэтам адкажуць на ўсе вашыя пытанні!

Да сустрэчы на мерапремствах “Тыдня беларускага мыслення”!