Мы змяняемся!

Мы змяняемся!

У гэтым сезоне Калегіюм будзе святкаваць дваццаць год сваёй дзейнасці. Канешне ж, мы вырашылі сустрэць гэты юбілей радыкальнай рэформай!

Усё мяняецца, і пры гэтым адначасова!

Мы фармуем новую каманду (да нас вярнуўся Ігар Бабкоў, які калісьці распачынаў Калегіюм, – выканаўчым дырэктарам, мы шукаем вэб мастакоў, дызайнераў, аператараў і г. д.).

Мы мяняем канцэпцыю сайта, пераходзячы ад сайта-візітоўкі да жывой адукацыйнай і інтэлектуальнай платформы (былі б удзячныя за парады і прафесійную дапамогу).

Мы радыкальна абнаўляем адукацыйныя праграмы, на сезон 2018-2019, робячы стаўку на крытычнае мысленне, уменне працаваць у сучасных фарматах, – на работу з ідэямі ў публічнай прасторы.

Пра ўсё гэта мы будзем пісаць тут.

Будзьце з намі!

***

Калегіюм паўстаў напрыканцы дзевяностых з патрэбы новай традыцыі. Разумення неабходнасці размовы пакаленняў. Сустрэчы.

Мусіла быць месца, дзе пакаленні сустракаюцца і размаўляюць. Размова павінна быць сутнасная, пра важнае, пра тое, што з намі адбываецца, што нас фармуе.

Было ўжо крыху дзіўна і смешна назіраць, як кожная генерацыя, што пачынае фармавацца і ставіць сабе істотныя задачы, горда ўсведамляе, што яны першыя, з іх усё пачынаецца.

Так што Калегіюм перадусім мейсца сустрэчы.

І не толькі сустрэчы між пакаленнямі, але і ўнутры пакаленняў. Важна, каб амбітным, творчым асобам было дзе расці і гадавацца. Не проста атрымаць радочак у сіві ці новыя веды.

Цяпер Калегіюм ужо сам крыху традыцыя. І пакаленні. І найноўшая гісторыя.

***

У кастрычніку плануецца набор слухачоў, у лістападзе пачнуцца заняткі.

Асноўнай формай навучання ў Калегіюме з’яўляюцца навучальна-даследчыя семінары. Такі семінар (у адрозненне ад савецкага «цёзкі») — насамрэч складаная форма работы, якая інтэгруе ў адзіную праграму не толькі кіраўніка і навучэнцаў, але й іншых выкладчыкаў з мікра-курсамі, прэзентацыямі і майстар-класамі.

На 2018-19 год у якасці ядра мы рыхтуем наступныя семінары:

– Тэорыя і практыка пісьма (кіраўнік Валянцін Акудовіч);

Гісторыя беларускай думкі (кіраўнік Ігар Бабкоў).

Культурныя коды цывілізацыі Захаду (кіраўніца Ірына Дубянецкая);

Вербальны дызайн культурнага тэксту (кіраўнік Максім Жбанкоў)

Гэта ядро, аснова. Але ж ёсьць яшчэ і пашырэнні. 🙂

publisher

Comments are closed.