Калегіюм запрашае: Галіна Сіўчанка: новая беларуская паэзія

Калегіюм запрашае: Галіна Сіўчанка: новая беларуская паэзія

Галіна Сіўчанка

 

Паэтычныя чытанні, інтэрпрэтацыі, размова з аўтаркай.
У сустрэчы бяруць удзел Ігар Кулікоў, Міхаіл Баярын, Кацярына Массэ.
Вядоўца: Ігар Бабкоў.
7 снежня, пятніца. 19.00. Кнігарня ЛогвінаЎ.

Галіна Сіўчанка
Нарадзілася ў 1983 годзе ў Берасьці. Скончыла факультэт замежных моваў БрДУ імя А.С. Пушкіна, магістратуру і асьпірантуру БДУ (тэорыя мовы). Выкладчыца ангельскай мовы. Жыве ў Менску.

Пісала вершы з 2003 году (нерэгулярна, не друкавалася). Стала і шмат – з 2017 году, па-беларуску. Удзельніца праграмы “Рэзыдэнцыя маладога літаратара” (Вільня, 2017). Аўтарка кнігі вершаў “Зоў Звычаю” (чэрвень 2018, Менск). Адначасова з кнігай зьявіліся публікацыі ў друку: Дзеяслоў, ЛітРАЖ, ЛіМ.

Вершы з кнігі “Зоў звычаю”

выспаверх

падсьціл лясны ўзарваны кратавінай

разгладжаная берагу кайма

няма недаравальнае правіны

і раны незагойнае няма

ні богам не агледжанае глебы

ні д’яблам разамкнутае душы

мне тут ня жыць бязь вечнай выспатрэбы

мне госьцяй быць у гучнай плынь-глушы

маўленьне і дыханьне ў часазломе

ахвяраваць таму хто сьмерць абверг

і знаць што колісь у захмарным доме

ключар мяне ўзьвядзе на выспаверх

 

супрацьстаяньне

дух паўночны табе адзінотай аддзячыў

тут расталі даўно каго-кольвек сьляды

ды у тым каб таліцца напоем нястачы

на самоце няма аніякай бяды

сам сабе гаспадар ды паслужлівы лёкай

ты празь непагадзь к мору дарогу праклаў

ды ў адвечным бязмор’і радзімы далёкай

мы да бога хутчэй дабіраемся ўплаў

ты на ўласныя вочы пабачыў мясьціны

дзе над жэглішчам век не ўзьнімаўся агонь

ды ажыўлены памяцьцю дотык адзіны

невыносным цяплом апякае далонь

у захмар’е загнаў прамяні вецер-збродзень

халадэча такая што дух заняло

ды зярнятка заўжды будзе мкнуцца на поўдзень

тым канцом ізь якога праб’ецца сьцябло

 

Лета*

Лета толькі таму, што казыча трава нагу.

Пад тынкоўдрамі ледзь варушачыся ў прыпары,

вар’яцеюць дамы. Я стаю ліхтаром на рагу.

Што пра заўтра казаць, калі горад няроўнатвары

невыносны кідае пад кожны крок напамін

пра цяпло тваіх – пропуск – калі быў побач.

Я гляджу на захад, на дня загін,

нецярпліва пільную, нібыта здобыч,

ноч, калі ўпадзе чарната

на знаёмыя невысохлыя – дзьве! – калюжы,

і яе не адбеліш, як сьлепату крата,

ні азёрнае чайкі крылом, ні пялёсткам ружы.

*пераствор Ё. Бродзкага

 

Канец прыўкраснага часу*

Бо вяртаньне у вечнасьць ад нас вымагае слоў,

я – адна з тых шукальніц, што плыні ўчынілі злоў

у сабе і цяпер не залежаць ад абалонкі, –

аддаюся пад вежай на высьпе сухому лаўжу,

як на новую свомасьць Пачатку, бясьсьлёзна гляджу

на чужыя старонкі.

Вецер гоніць ваду к таямніцам марской глыбіні.

У журботных краёх, колькі межаў сваіх ні пыні,

набярэжны ліхтар выкрывае абрыс бязладзьдзя.

Тут, адбіўшыся ад найпяшчотных у сьвеце рук,

ні дабожніка від, ні сьвятарны агублены гук

не здалею ўзгадаць я.

У журботных краёх на бяскрайнасьць разьлічваюць стол,

нерухомая бездараж, неба, трава абакол,

шэры квет палітона і твара судзейца,

ды ручныя сарокі ў звычайным бясстрэчным двары

назіраюць за тым, як бяскрай невідомай гары

і Табе дастаецца.

Да Цябе не дайсьці, не даплыць да свабодных рыб,

не ўзьляцець у блакіт, не спаўзьці пад зямлю ўперагіб

за счарнелым пячорнікам ўсьлед белавокай чудзі.

Ўсё няспынна старэе: гніе вясло,

хаты й дрэвы трухлеюць. Па-іншаму тут не было

і, напэўна, ня будзе.

Жыць у час, над якім пустатою крычыць скрыжаль,

вельмі цяжка. Зьліцьцём не здабыць, на вялікі жаль,

новадзіўнай прасторы (хіба што ў прасторы скрасьці

для зародка паветра, ня гледзячы ў вочы). Тут

(паўтараю) цела найлепш разумее хлуд,

а ня полымя страсьці.

Шар маленькі (Канада побач, і акіян,

і трынаццаць пярсьцёнкаў, якія нясе Уран)

даўнімае адсутнасьць страху перад прыродай,

перад думкай аб тым, што сьвятло забівае плоць.

На жыцьця вастрыі мне заўжды ёй стаяць супроць

ды лічыць невыгоды.

Я цяпер разумею, чаму надыходзіць моўч,

калі кожнае слова ў сабе прапусьціць праз ноч.

Той праніклівы сьвет, дзе аброк абудзіў малоха,

для апошніх радкоў мне настаўнік кладзе на далонь,

і мяне адпускае выспа. Слабее агонь,

і сыходзіць эпоха.

*пераствор Ё. Бродзкага

 

бясконцасьць

калі на згоне бітвы за наўкольны сьвет

што не лязом ды дзідай быў заваяваны

прамовіць слова найапошняе паэт

аціхне ўтома і загояцца ўсе раны

але загадкавым узорам на сукне

праступіць нешта не названае дагэтуль

так Бог зь бясконцасьцю паэта сутыкне

зь бяздоньнем мовы што сама і ёсьць паэтам

 

вяртаньне

для каго найворагам жыцьцядар стаў

для таго найсябрам няўхільны скон

зброясьпевы бітвы пяці ваярстваў

абрывае зьвіты з маўчаньня сон

смалякі бязгучна трашчаць жывіцай

рассыпае страхі агонь у тло

ды зь цясьніны горнай здалёк цадзіцца

тагасьветам доранае сьвятло

узыйду туды дзе няіснай сьмерці

шэраздані белы глытае дым

жорнам лёсу памяць не перацерці

век-дажджу ня змыць успамін аб тым

як праз пругкі зьвіў валасоў з прасторай

праз супынам часу нацятую ціш

да вяршыні мклівай стралой празору

далятае

– сьпіш?

 

небарасьць

нашы цені плывуць да Віліі на туга зьвітым дубовым згоне

паўмінулае расьцярушваецца паўцяперашнім па вадзе

паслухмяныя пасмы водарасьцей тояць небарасьці прадоньне

той у хвалях урэкавечваецца хто пісаў зь ніадкуль…

нідзе

я дагэтуль не адлюстроўвалася так прыгожа і так спакойна

да адхону ўспамін прывязваецца праз атрутны балігалоў

як на роўнядзь тваю далоневую пад ухвальны сьпеў дрэвастойны

я кладуся бясконцай небарасьцю без націны ды каранёў

 

чаканьне

зямлю ўбірае ноч адценьнямі узвору

над рукавамі рэк плыве аброчны дым

і мысьль імкне праз час скараючы прастору

і боскае сьвятло здаецца нутраным

бязгучнае імя расчутае у тлуме

становіцца ключом галоўнаму замку

на жэрліцы цяпла з жаданьнем б’ецца здум’е

як рыба на стальным завостраным круку

прастылыя сьляды і цень вершапраходца

загадваюць на міг стрымаць няроўны дых

і зерне слоў маіх што мае дамалоцца

чакае вечны рух у жорнах залатых

 

пярэвітка

вітаю медзь што залівае ўсход

ўнутры званчэе дзіва супадзеньня

кароткі верш – бясконца доўгі плот

ад слоў-жардзінаў – роўнядзь змыслаценяў

аблашчаныя сьцятыя слупкі

прыцьмелым траўем некалі бліскотным

і нечы рух уздоўж нетарапкі

змушае птахаў пець ня так самотна

завяз у пруцьці сіверу павеў

ды плоць яго мярэжную казыча

каб і ўва мне надалей не слабеў

пярэвіткай насьледаваны звычай

так лёгка мову гэтаму вязьму

ператвараць у плот пазадарожжа

ён паўстае дзе хочацца таму

каму ня знаць ніколі агароджаў

зь вершаў, напісаных пасьля выхаду кнігі

 

Абвадненьне*

Спакваля рэчаяснасьцю абарочваецца рэчаіснасьць.

Ты пачуеш, як літары, зродненыя зь пяром,

дакараюць творцу за ўсё, акром

падабенства з коласам, удзячным жыцьцю за асьцістасьць.

Помні: людзі тады пакідаюць пакой,

калі ўзьнікае нагода: памерла маці,

развод ці разьмен, хвароба, турма, ці

проста будучыні закарцела пабыць адной.

Зь іншага боку, вазьмі сузор’і. Як сказаў бы судзьдзя,

яны — найяскравы прыклад адлегласьці,

на якой абмярцьвеласьць быцьця неадрозная ад абмярцьвеласьці

небыцьця.

З часам ясьнее існасьць, цьмянее сьмерць

як падзея. Мова ня столькі мкнецца

носьбіта абвадніць, колькі ім абваднець,

аднаўляючы ў кожным віры рух вераценца.

*пераствор Ё. Бродзкага

 

Горадавод

Ты вёў мяне праз будучы ўспамін —

авеяны, замшэлы, цеплакоры.

Зваў празь міжствольле сьцішаных асін

апойнаю аддаленасьцю горад,

і цёк унутр мяне скрозь шал падзей,

дасюль няўхопны, марыў стацца домам,

імкнуў распальваць полымя ў вадзе

апаленым адчаем лістаёму.

Аднакім кветам зь ім брыняў пясок,

займеў яго халодны й сьлізкі камень,

які з паветрам стрэўся, незнарок

намацаны рукой пад таплякамі.

Найвузкім тропам скруглены заліў

глядзеў у корань скоранаю сіньню.

Ты вёў мяне і будучыню віў

ізь цішы гарадзкога заасіньня.

 

Жыўленьне

Сьвет дзелячы напалову,

плыве ў заваконьне дым.

Як мкнецца на волю слова,

так хочацца абаім

пад покрывам травастою,

даніну вярнуўшы льдам,

бясконца маўчаць пра тое,

як зьвершаная вада

скарае абсяг глыбокі

ды вабіць усё-знацьцём,

прасочваньнем у пясок і

жыўленьнем чужым жыцьцём.

publisher

Comments are closed.