Беларускі Калегіюм

Зборнік Мэдыі іКамунікацыя

Зборнік Мэдыі іКамунікацыя

Зборнік Мэдыі іКамунікацыя
book-medyji

Мэдыі і камунікацыя

Гэтую кнігу складаюць лекцыі, чытаныя ў Беларускім Калегіюме (БК) на працягу двух навучальных гадоў (1998—2000). “Досьледы камунікацыі і мэдыяў” — адносна новая навуковая дысцыпліна, што выкладаецца ў заходніх унівэрсытэтах, а гэты курс лекцыяў — першае падобнае выданьне ў нашай краіне.

Стваральнікі курсу перадусім мелі на мэце пазнаёміць студэнтаў БК з асноўным корпусам ідэяў і распрацовак заходніх дасьледчыкаў, якія працуюць у названай галіне. Адначасова мы імкнуліся і да пэўнай завершанасьці курсу, што вымагае як ягонай лягічнай будовы, так і дастаткова шырокай рэпрэзэнтацыі матэрыялу, датычнага фэномэну камунікацыі і мас-мэдыяў.

Задача ўскладнялася тым, што лекцыі рыхтаваліся рознымі аўтарамі, аднак, як падаецца, гэта не зашкодзіла выкладу асноўнага зьместу курсу, хаця ў некаторых выпадках і не ўдалося пазьбегнуць факталягічных паўтораў. Разам з тым відавочна, што адрозныя інтэрпрэтацыі матэрыялу дапамагаюць яго лепшаму засваеньню, а спэцыяльны інтарэс з боку выкладчыка/дасьледчыка да якой-небудзь адной тэмы ці праблемы мае сваім вынікам яе больш грунтоўнае асьвятленьне. У стварэньні курсу бралі ўдзел як прафэсійныя навукоўцы, гэтак і прафэсійныя журналісты. Іх прозьвішчы шаноўны чытач знойдзе на адпаведных старонках падрыхтаваных тэкстаў.

Асаблівасьцю курсу зьяўляецца тое, што ягоныя стваральнікі імкнуліся да “сытуацыйнай веды”, зважаючы, што абстрактная веда заўсёды добрая, калі мы можам карыстацца ёю як прыдатным і зручным інструмэнтам. І гэта знайшло сваё адлюстраваньне ў шэрагу інтэрпрэтацыяў сучаснай сытуацыі, зьвязанай з фэномэнам камунікацыі і беларускімі мас-мэдыямі.

Мы будзем удзячныя тым чытачам, якія заўважаць і паведамяць нам пра недахопы і хібы выданьня. Вашая крытыка і парады будуць абавязкова ўлічаныя ў далейшай працы Беларускага Калегіюму.

Мы таксама складаем сваю падзяку польскаму фонду “Ведаць як”, без падтрымкі якога зьяўленьне гэтай кнігі не было б магчымае.

Навуковыя рэдактары выданьня, кандыдаты філязофскіх навук

Алесь АНЦІПЕНКА, Максім ЖБАНКОЎ

Менск, травень 2000 г.

publisher

Comments are closed.