Беларускі Калегіюм аб’яўляе набор на 2018/2019 навучальны год

Беларускі Калегіюм аб’яўляе набор на 2018/2019 навучальны год

Беларускі Калегіюм прапануе навучанне па чатырох спецыялізацыях:

Філасофія / літаратура. Гэты праект не мае аналагаў у краіне, але мае глыбокія карані у еўрапейскай універсітэцкай традыцыі. У ім філасофія з літаратурай  яднаюцца ў адно цэлае, разглядаюцца як грунт і апірышча мадэрнай ідэнтычнасці. У аснове творчая майстэрня Валянціна Акудовіча “Тэорыя і практыка пісьма”. Акцэнт у ёй робіцца на творчасці: не проста навука пісання літаратурных і філасофскіх тэкстаў, але і тварэнне самога сябе, сваёй асобы, уласнай суб’ектнасці.

Інтэлектуальныя гісторыі Усходняй Еўропы. Работа з беларускай інтэлектуальнай традыцыяй як часткай больш шырокага кантэксту: усходнееўрапейскага, еўрапейскага, глабальнага. Асаблівая ўвага звернутая на традыцыі суседзяў (польская, украінская, літоўская, расейская). У аснове семінар Ігара Бабкова “Гісторыя беларускай думкі”, задача якога “вучыць і вучыцца думаць, — у прадуктыўным сутыкненні з іншымі эпохамі, другімі культурамі, адрознымі ідэнтычнасцямі”.

Параўнальныя даследаванні цывілізацый. Унікальная праграма асэнсавання еўрапейскай цывілізацыйнай мадэлі, адмысловы адказ на інтэлектуальные, інфармацыйныя, сацыяльныя, культурныя і рэлігійныя выклікі сучаснасці. У аснове семінар Ірыны Дубянецкай “Культурныя коды цывілізацыі Захаду”, спроба кадыфікацыі складовых элементаў еўрапейскай традыцыі, дахрысціянскіх, хрысціянскіх, мадэрных, а таксама месца Беларусі ў сусветных культурных працэсах.

Культурная аналітыка. Праграма, арыентаваная на асэнсаванне наяўнай культурнай сітуацыі, выяўленне магчымых накірункаў яе развіцця і ўвасабленне гэтага разумення ў моцных медыйных тэкстах. Стратэгічная мэта: спрыянне з’яўленню новай генерацыі аналітыкаў, здольных забяспечыць змястоўную і драйвовую экспертызу актуальнай культуры для шырокага кола сучаснікаў і саўдзельнікаў.

У аснове аўтарскі практыкум Максіма Жбанкова “Вербальны дызайн культурнага тэксту”.

Навучанне бясплатнае.

Сертыфікат БК не замяняе дыплом аб вышэйшай адукацыі.

Да ўдзелу ў конкурсе запрашаюцца студэнты ўніверсітэтаў або асобы з вышэйшай адукацыяй.

Прыём на навучанне ажыццяўляецца па выніках сумоўя. Для запрашэння на сумоўе трэба запоўніць анкету  і прадставіць уласныя тэксты (для накірункаў “Філасофія/літаратура” і “Культурная аналітыка”).

Пачатак заняткаў з лістапада 2018 г.

Заяўкі прымаюцца да 27 кастрычніка 2018 г. (уключна).

Падрабязна пра паступленне і навучанне.
Дадатковая інфармацыя: info@belcollegium.org , facebook.

Падаць заяўку!

publisher

Comments are closed.