Беларускі Калегіюм

Абвешчаны набор на цыкл семінараў “Інтэлектуальная спадчына Францішка Скарыны: крытычны погляд да юбілею”

Абвешчаны набор на цыкл семінараў “Інтэлектуальная спадчына Францішка Скарыны: крытычны погляд да юбілею”

Інтэлектуальная спадчына Францішка Скарыны:

крытычны погляд да юбілею

Семінар па гісторыі ідэй

Скарына

 Беларускі Калегіюм і Інстытут “Палітычная сфера” абвяшчаюць правядзенне ўвесну 2017 года цыклу семінараў, прысвечаных пераасэнсаванню інтэлектуальнай спадчыны Францішка Скарыны.

2017 год праходзіць пад знакам 500-гадовага юбілею беларускага кнігадрукавання, што безумоўна патрабуе звароту да ўнёску Францішка Скарыны ў беларускую культуру. Сярод чарады юбілейных мерапрыемстваў і заслужанага услаўлення Скарыны мэта семінара звярнуцца да крытычнага пераасэнсавання спадчыны першадрукара з пазіцыі інтэлектуальнай гісторыі.

Сучасная інтэрпрэтацыя інтэлектуальнай і культурнай спадчыны скарыніяны па-ранейшаму засноўваецца на рамантычных і пазітывісцкіх  падыходах, выпрацаваных у межах гісторыі філасофскай думкі часоў БССР. Юбілей з’яўляецца выдатнай нагодай узгадніць разуменне творчасці Скарыны з актуальнымі метадалагічнымі падыходамі гісторыі ідэй.

У першую чаргу нас цікавіць палітычны і інтэлектуальны кантэкст дзейнасці Скарыны: традыцыі і пераемнасць, запазычванне і трансфармацыя ідэй, аўтэнтычнасць і арыгінальнасць.

У межах семінару плануецца разгляд асноўных тэкстаў, якія тлумачаць эпоху Скарыны, інтэлектуальныя тэндэнцыі і ідэйныя зрухі. Завяршальная частка семінарскага цыклу будзе прысвечана абмеркаванню асноўных інтэрпрэтацый інтэлектуальнай спадчыны Ф. Скарыны (У. Конан, С. Падокшын, С. Майхровіч, І. Дварчанін) і арыгінальных тэкстаў.

Семінары будуць адбывацца раз на два тыдні, увечары. Для ўдзелу запрашаюцца ўсе ахвотныя (пажадана веданне англійскай мовы).

Каардынатары семінара: Аляксей Ластоўскі, Андрэй Казакевіч, Ірына Дубянецкая

 

Папярэдні план:

15.02 – Рэнесанс: агульны кантэкст эпохі

01.03 – Палітычныя ідэі часоў Ф. Скарыны

15.03 – Natio i Patria

29.03 – Рэлігійныя погляды на прадвесні Рэфармацыі

26.04 – Інтэлектуальны клімат Рэчы Паспалітай і паўночнай Італіі на мяжы XV-XVI стагоддзяў

10.05 – Беларуская Скарыніяна

24.05 – Разгляд арыгінальных тэкстаў Ф. Скарыны

 

Заяўкі прымаюцца да 10 лютага 2017 года. Для гэтага трэба запоўніць электронную форму.

Дадатковая інфармацыя па электронным адрасе info@belcollegium.org

 

martsinovich

Comments are closed.