Праграмы і курсы Беларускага Калегіюма ўвесь час абнаўляюцца, каб адпавядаць новым выклікам і задачам.

Ад канца 90-х адукацыйны праект падзяляўся на тры кірункі, структураваныя як тры аддзяленні, адказныя за тры блокі ведаў і ўменняў. Аддзяленне найноўшай гісторыі (уменне апазнаваць праблемы ў сучаснасці), аддзяленне журналістыкі (работа ў публічнай прасторы) і філасофія/літаратура (крэатыўнае пісьмо) з задачай навучыць працаваць з шырокім (не толькі акадэмічным) чытачом. З 2014 года пачало працу аддзяленне еўрапейскіх даследаванняў, а найноўшая гісторыя пачала транфармавацца ў інтэлектуальную гісторыю.

Ад 2017 года Калегіюм распачаў рэфармаванне, каб лепей адпавядаць новым тэхналагічным і цывілізацыйным выклікам. Яно ўключае ў сабе актыўнае фармаванне супольнасці выкладчыкаў і выпускнікоў Калегіюма, пераход да праграмаў публічнай адукацыі гадавога цыклу, работу з краўдфандынгавымі платформамі.

У 2018-19 навучальным годзе Беларускі Калегіюм прапануе навучанне па чатырох спецыялізацыях:

Філасофія / літаратура. Гэты праект не мае аналагаў у краіне, але мае глыбокія карані у еўрапейскай універсітэцкай традыцыі. У ім філасофія з літаратурай  яднаюцца ў адно цэлае, разглядаюцца як грунт і апірышча мадэрнай ідэнтычнасці. У аснове творчая майстэрня Валянціна Акудовіча “Тэорыя і практыка пісьма”. Акцэнт у ёй робіцца на творчасці: не проста навука пісання літаратурных і філасофскіх тэкстаў, але і тварэнне самога сябе, сваёй асобы, уласнай суб’ектнасці.

Інтэлектуальныя гісторыі Усходняй Еўропы.  Работа з беларускай інтэлектуальнай традыцыяй як часткай больш шырокага кантэксту: усходнееўрапейскага, еўрапейскага, глабальнага. Асаблівая ўвага звернутая на традыцыі суседзяў (польская, украінская, літоўская, расейская).  У аснове семінар Ігара Бабкова “Гісторыя беларускай думкі”, задача якога “вучыць і вучыцца думаць, — у прадуктыўным сутыкненні з іншымі эпохамі, другімі культурамі, адрознымі ідэнтычнасцямі”.

Параўнальныя даследаванні цывілізацый. Унікальная праграма, адмысловы адказ на выклікі сучаснасці (вайна культураў, канфлікт цывілізацый, узвышэнне Кітая і Індыі). У аснове семінар Ірыны Дубянецкай “Культурныя коды цывілізацыі Захаду”, спроба кадыфікацыі і перачытання складовых элементаў еўрапейскай традыцыі, дахрысціянскіх, хрысціянскіх, мадэрных.

Культурная аналітыка. Праграма, арыентаваная на асэнсаванне наяўнай культурнай сітуацыі, выяўленне магчымых накірункаў яе развіцця і ўвасабленне гэтага разумення ў моцных медыйных тэкстах. Стратэгічная мэта: спрыянне з’яўленню новай генерацыі аналітыкаў, здольных забяспечыць змястоўную і драйвовую экспертызу актуальнай культуры для шырокага кола сучаснікаў і саўдзельнікаў. У аснове аўтарскі практыкум Максіма Жбанкова “Вербальны дызайн культурнага тэксту”.

Падаць заяўку на навучанне

Паступленне і навучанне: FAQ