Беларускі Калегіюм – адзін са старэйшых адукацыйных праектаў у Беларусі. Паўстаў у другой палове 90-х з ініцыятывы недзяржаўных арганізацый і прыватных асобаў (Беларускі гуманітарны фонд “Наша Ніва”, Эўрофорум, Беларуская асацыяцыя журналістаў) як адказ на новыя інтэлектуальныя выклікі эпохі і паўставанне аўтарытарных тэндэнцый у беларускім грамадстве.
Асноўнай задачай бачылася забяспечыць пераемнасць дэмакратычнага досведу ў сітуацыі калі дзяржаўныя (афіцыйныя, зарэгістраваныя) адукацыйныя ўстановы заставаліся глухія да новых ідэяў і практыкаў.
Спосабы рэалізацыі гэтай задачы – трансляцыя “новай веды”, навучанне новым тыпам дзейнасці, акцэнт на крытычнае мысленне і публічныя формы яго выяўлення. За дваццаць год работы праз праграмы і праекты Калегіюма прайшлі больш за 1200 навучэнцаў. Яго выпускнікі працуюць у недзяржаўных арганізацыях, бізнесе і дзяржінстытуцыях, творачы шырокую сетку асобаў, якія здольны генераваць ідэі і рэалізовываць іх, змяняючы сітуацыю як у лакальным так і глабальным маштабе.

Валянцін Акудовіч, філосаф, старшыня Рады калегіюма: “Калегіюм паўстаў з любові і трывогі за краіну (якой рамантычны была тая эпоха!). І паўстаў у той пераломны момант, калі многім з тых, хто быў ўсхоплены незалежнасцю Беларусі, падалося, што замест праставання ў еўрапейскую будычыню, краіна пачала збочваць ў савецкае былое. Тады і з’явілася думка, што мы самі мусім фармаваць маладую нацыянальную эліту, якая была б тоеснай той еўрапейскай будучыні, якая чакала – паводле нашых уяўленняў – Беларусь наперадзе“.

Аўтары відэа: Яўген Ціханаў і Паўліна Вітушчанка.