25 сакавіка – 100 гадоў БНР! Беларускі Калегіюм віншуе са сьвятам!

25 сакавіка – 100 гадоў БНР! Беларускі Калегіюм віншуе са сьвятам!

 


Ірына Дубянецкая
Акадэмічны дырэктар Беларускага Калегіюму

Дарагія сябры! Віншую ўсіх з нашым нацыянальным сьвятам-над-сьвятамі, пунктам адліку беларускай незалежнасьці – 100-годдзем абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі.

Прайшоўшы 100-гадовы цыкль, мы можам распачынаць новы, каб сьвядома і асэнсавана рухацца ў будучыню.

І гэта будзе магчыма, калі мы ўсьвядомім і асэнсуем, ацэнім і засвоім гэтую першападзею новай беларускай дзяржаўнасьці.

Бо ўсе прамінулыя 100 гадоў Беларусь пражывала, ды так і не пражыла 1918 год і наступныя гады БНРаўскага змаганьня за краіну: акупацыі, падзелы, пакутныя спробы дамагчыся міжнароднага статусу – і самотная веліч слаўных герояў сярод насьцярожанага чаканьня мас.

Вось цяпер мы аддаем пашану нашым героям-БНРаўцам, якія, па-сутнасьці, і былі найважнейшымі абліччамі Беларусі 20-га стагоддзя. Ня ўсё між імі было гладка, але нам яны ўсе дарагія:

Раман Скірмунт і Язэп Варонка; геніяльны Вацлаў Ластоўскі і Аляксандар Цьвікевіч; Сымон Рак-Міхайлоўскі і Клаўдыюш Душ-Душэўскі, стваральнік сучаснага вобразу старажытнага бел-чырвона-белага сьцягу.

У нашай сьвядомасьці яны ўсе побач: вайскоўцы – Кіпрыян Кандратовіч, Кастусь Езавітаў, Франц Кушаль – і сьвятары, якія спалучалі служэньне Богу з ахвярным служэньнем свайму народу і краіне, – Алесь Астрамовіч, вядомы таксама як паэт Андрэй Зязюля, Фабіян Абрантовіч, Адам Станкевіч, Вінцэнт Гадлеўскі – абодва апошнія яшчэ й працавалі над беларускім увасабленьнем Бібліі – асноўнага тэксту нашай цывілізацыі – а разам з імі і аўтар першага поўнага перакладу Бібліі на беларускую мову доктор Янка Станкевіч.

Поплеч з выбітнымі братамі-мысьлярамі і рупліўцамі Антонам ды Іванам Луцкевічамі філолагі Браніслаў Тарашкевіч і Язэп Лёсік; паэты Алесь Гарун і Зоська Верас, вялікая і мужная пакутніца Ларыса Геніюш, асацыяваныя з БНР Янка Купала і Уладзімер Жылка, аўтарка слоў беларускага духоўнага гімну “Магутны Божа” Натальля Арсеньнева. І безумоўна, Краўцоў Макар, што стварыў тэкст для духаўздымальнага гімну БНР “Мы выйдзем шчыльнымі радамі”, узьнёслага сьпеву, які цягам стагоддзя яднаў усіх вольналюбных беларусаў:

Няхай жыве магутны, сьмелы
Наш беларускі вольны дух;
Штандар наш бел-чырвона-белы,
Пакрый сабой народны рух!

І многія, многія іншыя…
Сьвяткуйма разам нашых герояў, каб разам кіраваць сваім лёсам наступныя, шчасьлівыя, 100 гадоў беларускай дзяржавы.
Жыве Беларусь!

 


Валянцін Акудовіч
Кіраўнік аддзяленья філасофіі і літаратуры

БНР – 100.

Віншуем з вялікім юбілеем!

Цягам стагоддзяў і стагоддзяў нашыя продкі не мелі ўласнай Дзяржавы. Звычайна яны знаходзілі сабе месца ў змешаных геапалітычных кангламератах: Вялікім княстве Літоўскім, Рэчы паспалітай двух народаў, Расійскай імперыі…

З гэтага і варта ацэньваць каштоўнасць Беларускай Народнай Рэспублікі. Яна ўпершыню ў тысячагадовай гісторыі прапанавала нам праект уласнай Дзяржавы. Інакш кажучы, праект нацыянальнага дому, які б атуліў нас ад скразнякоў бязмежжа.

На жаль, збудаваць тады сваю Дзяржаву не атрымалася. Яшчэ залішне мала было рэсурсаў: інтэлектуальных, палітычных, фінансавых, збройных…

Метафарычна кажучы, іх хапала толькі на адзін-два паветы, а не на шырока разлеглую краіну, межы якой вызначала сталае бытаванне нашай мовы. Таму мы змушаныя былі прайсці яшчэ доўгі і вельмі трагічны шлях, каб рамантычныя парыванні заснавальнікаў БНР спраўдзіліся.

І хаця нават сёння яны спраўдзіліся не да рэшты, сёння ўжо ёсць усе падставы сцвярджаць, што той, стогадовай даўніны, праект будзе рэалізаваны напоўніцу.

Слава і гонар стваральнікам БНР!

18 ВЕРШАЎ
НА 100-ГОДДЗЕ БЕЛАРУСКАЙ НАРОДНАЙ РЭСПУБЛІКІ

Краўцоў Макар (1891–1939)
У 1917г. удзельнік Першага Ўсебеларускага Кангрэсу. Радны БНР. У 1920 г. удзельнік Слуцкага збройнага чыну

Мы выйдзем шчыльнымі радамі
Ваяцкі гімн

Мы выйдзем шчыльнымі радамі
На вольны родны свой прастор.
Хай воля вечна будзе з намі,
А гвалту мы дамо адпор!

Няхай жыве магутны, сьмелы
Наш беларускі вольны дух;
Штандар наш бел-чырвона-белы,
Пакрый сабой народны рух!

На бой! За шчасьце і за волю
Народу слаўнага свайго!
Браты, цярпелі мы даволі.
На бой — усе да аднаго!

Імя і сілу беларуса
Няхай пачуе й убачыць той,
Хто сьмее нам нясьці прымусы
І першы выкліча на бой.

Браты, да шчасьця мы падходзім:
Хай гром грыміць яшчэ мацней!
У крывавых муках мы народзім
Жыцьцё Рэспублікі сваей!*

1919

* Так у варыянце, адаптаваным як гімн БНР ад 1920 г. У аўтарскай рэдакцыі “бацькоўшчыны сваёй”.

Алесь Гарун (1887–1920)
У 1917г. памочнік старшыні Першага Ўсебеларускага Кангрэсу. Радны БНР

***

Брацьця, к агульнаму шчасьцю
Трэба жыцьцё кіраваць.
Роўнасьць, братэрства і згода
Будуць нам шлях асьвятляць.
Згоднай, вялікай сям’ёю
Пойдзем к дзяньком залатым,
З думаю ў сэрцы сьвятою,
З нашым жаданьнем адным.
Крыўды людской нам ня трэба,
Сьлёз не бажаем ніч’іх,
Хочам, каб зь яснага неба
Сонца сьвяціла для ўсіх.
Досыць было панаваньня
Квотнікаў злых, махляроў,
Досыць для нас гараваньня,
Новых паклічам майстроў.
Мусім народ абудзіці,
Голасна мусім пазваць:
Гэй, хто работнік? Хадзіце
Новы ўсім лад будаваць!
Будуць для ўсіх там палацы,
Стане на ўсіх там цяпла,
Ў панстве братэрства і працы,
Вольнасьці, хлеба й сьвятла.

1919

***

Хай ня льюцца дажджы цёмна-хмарныя
Над зьмярцьвелаю пашаю.
Хай пачнуцца гады хлебадарныя
Над зямелькаю нашаю.
Хай красуецца жытам, пшаніцаю,
Каласочкамі цяжкімі,
Хай ўзмацуецца Боскай правіцаю
І ўсятворчымі ласкамі.
Хай асьвеціцца праўды навукаю
І братэрскаю згодаю,
Хай зьнявечацца крыўда з прынукаю
За яе загародаю,
Хай ўзьлятаець хвала яе племені,
Упякнёнага цнотамі,
Хай шыбаець над скаламі з крэменю,
Над арлінымі ўзьлётамі.

Янка Купала (1882–1942)
Прыхільнік абвяшчэньня БНР. У 1918г. камандыраваны Народным Сакратарыятам БНР у Смаленск

На сход!

На сход, на ўсенародны, грозны, бурны сход
Ідзі, аграблены, закованы народ!

Як роўны йдзі жыхар між роўных жыхароў
Аддай на суд свае ўсе крыўды, сьлёзы, кроў.

Аб вечным катаваньні, зьдзеку далажы
І пакажы на курганы і на крыжы.

Як гналі пот зь цябе паны і каралі,
Як гналі проч цары з радзімае зямлі.

Як Бацькаўшчыну тваю рэжуць на кускі.
Як гібнеш зь дзецьмі ты ад катняе рукі —

Аддаці ўсё на суд, на ўсенародны сход
Ідзі, аграблены, закованы народ!

1918

Свайму народу

Табе, народ мой, згібнуты ў аковах,
З-пад сэрца песьню гэтую пяю
І, ускрашаючы мінуўшчыну нанова,
Выказваю цяпершчыну тваю.

Сягні ў даўно заснуўшыя сталецьці,
Заслону дзён уцёкшых адхілі
І глянь, як сёньня твае жывуць дзеці,
Як ты жывеш на прадзедаў зямлі.

Дняпро і Сож, Дзьвіна, Вяльля і Нёман
Шмат могуць што у памяці збудзіць,
Ды пушчы Белавежскай сумны гоман —
Паслухай толькі, што ён гаманіць.

Тваймі рукамі ўзьнесены замчышчы,
Глянь, зарастаюць дзікім палыном,
Па сьцен астатках вецер дзіка сьвішча,
Як бы пяе памінкі быўшым днём.

Ты жыў, ты панаваў у краі родным,
Сьцярог ад чужака й законы укладаў;
Звон вечавы сход склікаваў народны,
І сход аб шчасьці Бацькаўшчыны дбаў.

Сягоньня усё сьпіць і зарастае зельлем,
Сьцярэч свой край няма ні сьцен, ні рук;
Званы вячовы змоўклі, анямелі,
Ў ярме сагнулі людзі плечы ў крук.

Чужак-дзікун, крывёю ўпіўшысь сьвежай,
Запрог цябе ў няволю, ў батракі
І тваю маці-Бацькаўшчыну рэжа,
Жывую рве на часьці, на кускі.

Сыноў тваіх расьсеяў па ўсім сьвеце,
Як птушак ястраб з гнёздаў разагнаў;
Бацькі дзяцей, а бацькоў сваіх дзеці
Сярод магіл шукаюць і канаў.

Упаў народ. Змарнеў народ, забыўся,
Як Бацькаўшчыну, як яго завуць;
Як падарожны без пуцьця, зьнябыўся,
Як сірата, якой нідзе заснуць…

Паўстань, народ! Прачніся, беларусе!
Зірні на Бацькаўшчыну, на сябе!
Зірні, як вораг хату і зямлю раструсіў,
Як твой навала злыдняў скарб грабе!

Паўстань і глянь, як зьзяюць скрозь вагнішчы,
Як носяцца ўсясьветных зьмен віхры,
Як на старога быту папялішчы
Цьвет зацьвітае новае зары!

Паўстань, народ! Для будучыны шчасьце
Ты строй, каб пут ня строіў больш сусед;
Ня дайся ў гэты грозны час прапасьці, —
Прапашчых не пацешыць шчасьцем сьвет.

Сваю магутнасьць пакажы ты сьвету, —
Свой край, сябе ў пашане мець прымусь.
Паўстань, народ!.. З крыві і сьлёз кліч гэты…
Цябе чакае маці-Беларусь!

1918

Час!

Час склікаці ўжо грамаду
На вялікую нараду,
На вялікі сход!
Хай рассудзіць, хай разважа,
Слова цьвёрдае хай скажа,
Скажа сам народ!

Як жыць мае, пажываці
Ў родным краю, ў роднай хаце,
Як заводзіць лад:
Ці жыць далей у няволі,
Ці разжыцца новай доляй,
Новы ўзьнесьць пасад.

Доўга людзі ўдзень блудзілі,
Крыўду, сьлёзы, кроў пладзілі,
Ўсё ня ўмелі жыць, —
А сягоньня ўжо ня тое, —
Ўсходзе сонца залатое
Роўна ўсім сьвяціць.

Ходзіць ходырам сьвет цэлы,
Сьмела ў бітву йдзе нясьмелы,
Ў бой за лепшы час.
Дык і нам цапы і косы
Час браць з вышак, покі росы
Воч ня згрызьлі ў нас.

Хай званы зазвоняць з жарам,
Хай музыка ў струны ўдара!
Гэй, паўстань, народ!
За сябе сам пастаяці
І за Бацькаўшчыну-маці
Йдзі, народ, на сход!

1918

УЛАДЗІМЕР ЖЫЛКА (1900–1933)
Горача вітаў утварэньне БНР, у 1922 г. супрацоўнічаў з Урадам БНР у Коўне

Покліч

Пад штандар бел-чырвона-белы
Гартуйся, раць, адважна, сьмела
Адважных, храбрых ваякоў!
І ўспомняцца старых вякоў
Паходы мужныя у славе,
Часы Альгерда, Ізяслава,
Грунвальдскі зь немцам бой!
І боек даўні цяг з Масквой!

Пад знак Літоўскае Пагоні –
Абараняць краіны гоні,
Народ забраны вызваляць,
Ісьці к сьвятлу, сьвятлом палаць –
Сьпяшайся той, хто к волі рвецца,
Ў кім беларуса сэрца б’ецца!
Зьбірайцесь – ўсе, як бы адзін, –
Арлы радзімых пушч, нізін!

Не плач, не плач па сыну, маці, –
Сягоньня сорам быць у хаце,
Бо ўзьнят за волю грозны меч,
Бо хутка будзе злая сеч,
Няхай і ён, юнак адважны,
Ідзе туды, дзе б’ецца кажны
За волю новую бязь сьлёз,
За лепшы Бацькаўшчыны лёс.

Пад штандар кожны здатны, гожы,
Досьць нас наезьнікам варожым
Трымаць ў прыгоне, беднаце,
Сьмяяцца нашай цемнаце,
Багацьце краю нішчыць, пляжыць –
Чужынцу годзе намі княжыць
І карыстацца з нашых плеч!..
Мы к волі йдзем – з дарогі прэч!..

1920

ЗОСЬКА ВЕРАС (1892–1991)
У 1917г. удзельніца Першага Ўсебеларускага Кангрэсу. У 1918г. радная БНР

***

Я не баюся жыцьцёвай буры,
хоць добра знаю яе шум пануры,
і змрочнага не баюся ценю
без ласкі цёплай сонца праменьню,
і не баюся працаў мазольных
для рук бяздольных…
але ж баюся я ўтраты веры,
траты энэргіі баюся бязь меры,
баюся жыці без ідэялу,
бо ў чорнай пустцы сэрца б сканала…
больш чым цялеснай баюся сьмерці –
душой умерці…

НАТАЛЬЛЯ АРСЕНЬНЕВА (1903–1997)
У 1950-я–1960-я шчыльна супрацоўнічала з Радай БНР; муж Франц Кушаль – радны БНР

У гушчарах

У гушчарах, затканых імглою,
шэрым змрокам, на золку, ў зару
ахвяруем Табе мы сабою
кожны дзень, кожны час, Беларусь.

I няма ў сэрцах жаху, ні жалю,
мы адвагай змагарнай гарым:
не маскаль-бальшавік і ня ляхі,*
толькi ты нас вядзеш да зары.

I мы верым, яна разгарыцца,
ўстане зноў над краінаю дзень,
бо ня стане змагар, не скарыцца
прад нягодай ніколі, нідзе.

Хмараў дым над галовамі тае,
вецер дыхае мятай, быльлём.
Беларусь, Беларусь залатая,
за Цябе, за Цябе мы ідзём!

1943

* У рэдакцыі 1958г. “не чужыя жануць нас удалеч”. У песьні на музыку Міколы Куліковіча – “Не чужыя варожыя сілы”.

Прысяга

Беларусь!
Наша Маці-Краіна!
Ты з нас моцных зрабіла людзей.
Не загінулі мы і ня згінем,
пакуль Ты нас наперад вядзеш!
Пастаім за Цябе, як асілкі,
нашы сэрцы палаюць агнём,
дружна, мужна
за лёс Твой расьцьвілы
супраць Чорнае Моцы мы йдзём.
Не шкада нам жыцьця маладога,
не шкада нам гарачай крыві,
абы толькі праменнай дарогай
крочыў горда народ наш жывы!
Прысягаем
Табе мы сягоньня,
што пакуль хоць адзін з нас жыве, –
нашай слаўнай Крывіцкай Пагоні
мы ня зганьбім,
мы ўславім яе!

1943

Мы – моладзь

Мы – праўда,
мы – сіла,
мы – радасьць,
мы – рух!
Выцягваем крылы
мы ў сонца, ў зару!
Мы ймкнём на узвышшы,
нам – межаў няма,
здаецца нам прышласьць
праменнай, як май!
Мы – шчырасьць!
Сваволя!
Мы – песьня!
Мы – сьмех!
Вітае нас доля
мільёнам уцех.
Бядзе, ураганам
сьмяёмся мы ў твар,
вясёла, шматзьзянна
нам зоры гараць!
Ніхто нас ня спыніць
у лёце да зор!
Мы – імпат няспынны,
мы – моц!
Мы – віхор!
Мы з краем каханым
расьцём угару.
Мы – сьвежасьць!
Мы – раньне!
Мы – радасьць!
Мы – рух!

1943

ЛАРЫСА ГЕНІЮШ (1910–1983)
Генэральны сакратар Ураду Беларускай Народнай Рэспублікі (1943–1947)

Адказ

– Скажы, скуль ты, хлопча?
– Зь зямлі беларускай –
стуль, дзе льецца Нёман
мігатлівай стужкай.

Я з краіны слаўнай,
з гарадоў прыгожых,
што ня зналі колісь
цьмы чужой, варожай.

Родны сьцяг наш горда
уздымаўся ў гору
ад балтыйскіх хваляў
аж па Чорна Мора!

Ў маім краі казкі,
сівыя курганы;
там зрадзілась песьня
вешчага Баяна.

Выпілі вякі ўжо
на’т зь Нямігі воду –
славу нашых продкаў
засланіла воддаль.

Але, ўсё-ж я горды
нашых сэрцаў сілай –
мы падымем славу
з курганоў-магілаў.

Бо мы хочам волі
горача і цьвёрда,
бо мы хочам славы
для Пагоні гордай!

1942

Выйшлі сёньня 

Выйшлі сёньня з палосак мы вузкіх
маладою адважнай сям’ёй
бараніць родны край беларускі
сваёй сілай, сваёю крывёй.

Годзе нам ужо зьдзекаў і мукаў,
пад чужым годзе гнуцца ярмом.
Сёньня ў нашы юнацкія рукі
долю роднай краіны бяром.
Мы праходзім упэўненым маршам,
з намі сьледам уздым малады…
Звонкай песьняй братоў усіх нашых
ў беларускія клічам рады.

Б’юць нам ветры ў юнацкія грудзі,
цьма чужая спыняе паход –
ўсё ж мы родныя сёлы разбудзім,
ўскалыхнем сакаліны народ.

Нас ніхто больш ужо не прымусіць
трываць зьдзекі прыблудаў чужых.
«Хай жыве наш народ беларускі!» –
кінем кліч ад мяжы да мяжы.

Сярод бураў стыхіі сусьветных
мы сягоньня ў імклівых радах.
Беларусь – наша сьветлая мэта,
а над намі крывіцкі наш сьцяг.

1942

Наш сьцяг

Ня слава Краю, ўздым магутны,
на’т ня шумелі мне сьцягі…
Заместа іх зьвінелі путы
і цёмнай ноччу ланцугі.

Заместа водгульля Пагоні
яшчэ сягоньня, як крумкач,
у набалелым сэрцы звоне
жанчыны беларускай плач.

За жар душы, што набалела,
за сэрца зораны агонь,
я, Божа, чуць хоць раз хацела-б
шум сьцягу вольнага свайго.

Калі Крывіцкая Зямліца
мне сэрца гордае саўе,
а польны вецер расшуміцца,
на разьвітаньне запяе, –

няхай разгорне свае крыльлі,
як стораж вечнага жыцьця,
хай зашуміць хоць на магіле
мне бел-чырвона-белы сьцяг.

***
Адзінай мэты не зракуся,
і сэрца мне не задрыжыць:
як жыць – дык жыць для Беларусі.
А безь яе – зусім ня жыць.

1953

АЛЕСЬ ЗМАГАР (1903–1995)
Гарачы прыхільнік БНР, у 1920 г. удзельнік Слуцкага збройнага чыну

25 сакавік 

Радзіўся Ты у Менску Беларускім‚
Пажарам Край дыміўся ў вагні.
Наўкол чужынцы на палетках вузкіх
Тапталі скарбы нашых родных ніў.

Народ стагнаў‚ ўздымаў угору рукі‚
Лавіў сьвятла недасяжны прамень.
Быў цяжкі час. Сярод нясьцерпнай мукі
Зьявіўся Ты‚ прыгожы‚ сьветлы Дзень.
Цудоўнай зоркай ўзьняўшыся высока‚
Народу шлях да волі асьвяціў‚
І зашасьцелі казкаю асокі‚
Мінулай славай лес загаманіў.

І Край ажыў. Народ паймкнуўся к сьвету‚
У вачах крынічыць радасьці струмень.
І нашых продкаў слаўны запаветы
Ўваскросьлі ў гэты незабытны дзень.

Вялікі Дзень! Нічым Цябе ня сьцерці!
Стагодзьдзям нат Цябе не перажыць!
Вякі мінуць‚ а Ты ў народным сэрцы
У песьнях‚ былях будзеш жыць!

1946

ГАЛІНА ПАНАМАРОВА*
Пра аўтара нічога не вядома. Верш надрукаваны ў 1925 г. у часопісе “Полымя” (№2)

Хмарка 

Сакавіку маё вітаньне!
Хай крые сьнег усё дазваньня,
Няхай пануе шчэ зіма,
Хай завіруха круціць ўночы
І сьлепіць белым сьнегам вочы,
Няхай цяпла яшчэ няма;
Хай неба хмарамі пакрыта
І вецер вые так сярдзіта,
Нібы пагрозы шле вясьне,
Нібы хаўтуры ёй спраўляе
І сьцежкі сьнегам спавівае,
І дрэвы стыгнуць у зімнім сьне.
Але я страхам тым ня веру –
Вясна адчыніць сабе дзьверы
І сонца выгляне з-пад хмар,
І сакавік сваёй размовай
Прагоніць цяжкі сон зімовы
І ажывіць зямлі абшар.
Блакітам глянуць неба далі,
І ўсе, што доўга так чакалі
Вясны жаданае прыход,
Свой злучаць голас зь сьпевам волі,
З чароўным гімнам лепшай долі
І стопяць гэтым гімнам лёд!
Сакавіку мы шлём вітаньне!
Зімы сярдзітае кананьне
Не напалохае больш нас.
Яе мінуўся час і сіла,
Зіму чакае ўжо магіла
І блізкі нам вясновы час!

1925

РЫГОР БАРАДУЛІН (1935–2014)

25 сакавіка…

Дваццаць пятага
сакавіка –
Годны дзень
Беларускай дзяржавы.
Веснаплынных вятроў талака
Пыл з кароны атрэсла іржавы.
Шматавалі нас досыць арлы
І з адной, і з дзвюма галавамі.
Мы не зь нейкай бязроднай імглы,
Нас вякі як сваіх
Гадавалі.
Мы – ратаі святла,
Крывічы,
Верхачы неўміруючай Пагоні.
Маладзік сакалом на плячы,
Гартны меч у цьвярдое далоні.
Лучыць нашыя мары рака
Бел-чырвона-белага сьцяга.
Дваццаць пятага сакавіка –
Наша сьвята,
Пароль
І прысяга!

Уклала Ірына Дубянецкая

Частка ілюстрацый узята з http://bnr100.by

publisher

Comments are closed.