Новае выданьне Беларускага Калегіюму!

Новае выданьне Беларускага Калегіюму!

Алесь Анціпенка

“Прыпадобніўшыся да насарога”

Кніга працягвае інтэлектуальную сэрыю “Бібліятэка “Беларускі калегіюм”, выдаваную ў 2012 –2013 гг.

Пра кнігу

Гэта спроба адказаць на некаторыя важныя пытаньні: што ёсьць мысьленьнем і ці ёсьць штосьці па-за яго межамі? што азначае “верыць”?
што такое сьмерць і чаму мы яе так баімся? Нарэшце, што такое супрэматызм і загадкавыя квадраты Малевіча?

Read More

25 сакавіка – 100 гадоў БНР! Беларускі Калегіюм віншуе са сьвятам!

 


Ірына Дубянецкая
Акадэмічны дырэктар Беларускага Калегіюму

Дарагія сябры! Віншую ўсіх з нашым нацыянальным сьвятам-над-сьвятамі, пунктам адліку беларускай незалежнасьці – 100-годдзем абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі.

Прайшоўшы 100-гадовы цыкль, мы можам распачынаць новы, каб сьвядома і асэнсавана рухацца ў будучыню. Read More

Канферэнцыя “Нацыянальны суверэнітэт (1918-2018): ідэя і палітычная практыка” (18-19.05.2018)

VІI-я Мінская канферэнцыя Інстытута “Палітычная сфера”

Нацыянальны суверэнітэт (1918-2018): ідэя і палітычная практыка

Дата правядзення: 18-19 траўня 2018 года

1918 год змяніў увесь рэгіён Усходняй Еўропы. Руйнаваліся імперыі і паўставалі новыя дзяржавы, перакройваліся межы і кансалідаваліся нацыі. Ідэя суверэнітэту і незалежнасці набывала палітычнае ўвасабленне. Для адных нацый больш паспяховае (Літва, Латвія, Польшча), для іншых – менш (Беларуская Народная Рэспубліка, Украінская Народная Рэспубліка).  Дыскусіі пра суверэнітэт на гэтым, аднак не спыніліся, яны заставаліся важнымі ўсё ХХ стагоддзе, былі ўзнятыя на новы ўзровень з распадам сацыялістычнага блоку і СССР (1990-1991) і зноў набылі актуальнасць пасля пашырэння ЕС у 2004 годзе. Ва ўмовах новых выклікаў бяспецы і міру ва Усходняй Еўропе з пачаткам у 2014 годзе украінска-расійскага канфлікту, абвастрэннем стасункаў Расіі з ЕС і ЗША, праблемы суверэнітэту, яго межаў і трываласці, зноў патрапляюць у цэнтр увагі.

Read More

Сышоў з жыцьця наш сябра і калега Міхал Анемпадыстаў

 

Паэт, дызайнер, мастак, эсэіст. Аўтар тэкстаў славутага “Народнага альбому”. Выкшталцоны, глыбокі і вельмі добры чалавек, эстэт і мысьляр. Адзін з найярчэйшых персанажаў сучаснай беларускай культурнай ды інтэлектуальнай прасторы.

Міхал Анемпадыстаў быў сябрам Беларускага Калегіюму ад самага пачатку стварэньня нашай інстытуцыі. І праз увесь час ён чытаў лекцыі на аддзяленьні філязофіі і літаратуры. І рабіў гэта бліскуча.

Апошні прачытаны курс называўся “Колер Беларусі”. На яго аснове ў 2017 годзе паўстала спярша аўтарская фотавыстава, а потым шыкоўная кніга з такой самай назваю. З простых рэчаў, выяваў і колераў, іх побытавага ўжытку і гісторыі Міхал ствараў шматмерны вобраз беларускае культуры, стылю ды ідэнтычнасьці, нацыянальнага характару й сьветабачаньня. Read More

Аб’ява для выпускнікоў аддзялення журналістыкі

Аддзяленне журналістыкі Беларускага Калегіюма запрашае студэнтаў 2 курса (выпускнікоў 1 курса 2016–2017 года навучання) далучыцца да праграмы трэнінгаў “10 крокаў да якаснай журналістыкі”, якую арганізуе Беларуская асацыяцыя журналістаў.

Беларускі Калегіюм шчыра дзякуе БАЖу за гэтую магчымасць.

Студэнты, якія паспяхова пройдуць гэтую праграму, атрымаюць сэртыфікаты Беларускага Калегіюма, а таксама сэртыфікаты, прадугледжаныя БАЖам для ўдзельнікаў трэнінга.

Прэзентацыя беларускага перакладу кнігі„Тэорыі літаратуры ХХ ст”.

23 лістапада 2017 года ў 19:00 у БІП-Інстытуце правазнаўства (вул. Кастрычніцкая, 5, аўд. 102, уваход праз  Малую залу к/з «Мінск») у рамках цыкла “МЕСЯЦ ПОЛЬСКАЙ ЛІТАРАТУРЫ” адбудзецца прэзентацыя беларускага перакладу кнігі польскіх літаратуразнаўцаў  Анны Бужыньскай і Міхала Паўла Маркоўскага „Тэорыі літаратуры ХХ ст”.

„Тэорыі літаратуры ХХ ст.” – грунтоўны агляд гісторыі ідэй мінулага стагоддзя. Беларускі чытач бачыць падобнае выданне ўпершыню: шмат якія канцэпцыі, тэрміны, імёны раней не гучалі па-беларуску. Гэта кніга – неабходны дапаможнік не толькі для філолагаў. Яна карысная філосафам, культуролагам, журналістам, якія пішуць пра культуру, а таксама ўсім гуманітарыям, якія хацелі б мець пад рукой даступна напісаны і зручна звярстаны тэкст, які забяспечыць базавыя і сістэмныя веды, неабходныя сёння актуальнаму інтэлектуалу.

Што гэта за кніга?

Анна Бужыньска і Міхал Павел Маркоўскі ў адным томе апісваюць найважнейшыя тэорыі літаратуры мінулага стагоддзя ад псіхааналізу да посткаланіялізму. Аўтары прыклалі ўсе намаганні, каб багацце зместу і кампетэнтны аналіз спалучаліся з яснасцю і празрыстасцю расповеду. Кожнай з асобных плыняў тэорыі літаратуры прысвечаны асобны раздзел, дапоўнены карыснымі дадаткамі: тлумачэннем ключавых паняццяў, храналогіяй і шырокай бібліяграфіяй. Несумнеўным плюсам з’яўляецца таксама вобразная мова, дзякуючы якой кніга проста цудоўна чытаецца. Напрыканцы змешчаная раскладная “мапа” тэорый літаратуры. Дзякуючы гэтаму кнігу можна параіць не толькі будучым літаратуразнаўцам, але ўсім студэнтам гуманітарных спецыяльнасцей. Такога выдання яшчэ не было. Гэтая кніга была абсалютнай навінкай на польскім рынку і з’яўляецца феноменам сусветнага маштабу. Read More

Абяцаная зямля філаматаў. Беларускі Калегіюм запрашае ў навуковае падарожжа

У нядзелю 22 кастрычніка

Беларускі Калегіюм запрашае ў навуковае падарожжа

“Абяцаная зямля філаматаў”

па маршруце:

Менск – Крашын – Новая Мыш – (Cталавічы) – Завоссе – Карчова (Туганавічы) – Свіцязь – Радагошча – Наваградак – Карэлічы – Вялікая Мядзвядка – Менск.

Сёлета споўнілася 200 гадоў таварыству філаматаў – таемнаму даследчыцкаму і патрыятычнаму згуртаванню студэнтаў Віленскага ўніверсітэту, з якога пачаліся нацыянальна-культурныя працэсы і вызвольныя рухі на беларускіх абсягах былой Рэчы Паспалітай.

Як жменька студэнтаў здолела абудзіць сваё пакаленьне, даць надзею краіне, напалохаць імперыю, ускалыхнуць Еўропу і паспрыяць сусветным зменам?

♦ Якую ролю дзейнасць і плёны філаматаў адыгралі ў фармаванні беларускай ідэнтычнасці?

♦ Якое месца займаюць філаматы і філарэты ў сучаснай беларускай сацыяльнай свядомасьці, культурнай прасторы ды інтэлектуальным дыскурсе?

♦ Як суадносіцца міжнародная вядомасць і слава многіх філаматаў і філарэтаў з беларускай самаацэнкай і вобразам Беларусі ў свеце? Read More

Як прайшла “Летняя школа-2017”. Фотарэпартаж

2–3 верасня 2017 года адбылася ІІІ Летняя школа Беларускага Калегіюму. Як праходзілі пасяджэнні – у невялікім фотарэпартажы.

Удзельнікі Летняй школы з дываном, які, па перакананнях мясцовых людзей, маляваў Язэп Драздовіч;


Хата ў аграсядзібе на Глыбоччыне, дзе праводзіліся дыскусіі Летняй школы


Аляксей Чубат (справа), кіраўнік установы “Культура роднага краю” распавядае пра сучасныя ўдалыя спробы працы са спадчынай Read More

Праграма ІІІ Летняй школы Беларускага Калегіюму

Францішак Скарына

і 

перарваная традыцыя беларускай еўрапейскасці

Валодзькава

2–3 верасня 2017 году

 

Актуаліі

 У 2017 годзе спаўняецца 500 гадоў беларускай друкаванай кнізе, беларускай Бібліі і, па вялікім рахунку, беларускай культурнай ідэнтычнасці.

Францішак Скарына ўвёў беларускую культуру ў чацвёрку першых, што здабылі друкаваную перакладную Бібліі да пачатку еўрапейскай Рэфармацыі. Рэфармацыя падштурхнула народы Еўропы да самаасэнсавання і спрычынілася да фармавання новых нацыянальных культур і ў выніку да нацыянальных дзяржаў. У 16 стагоддзі Беларусь была ў самым віры еўрапейскіх рухаў, а часам апыналася на самым фронце інтэлектуальных, культурных і палітычных падзей.

Што далі тыя працэсы нашай краіне з сёняшняга пункту гледжання?

Як паўплывала на беларускае мысленьне і фармаванне культурнай прасторы перарванасць эўрапейскай тоеснасці беларусаў?

У якіх інтэлектуальных і культурных кантэкстах знаходзіць сябе цяперашняя беларуская супольнасць?

Што адбываецца ў Беларускай інтэлектуальнай прасторы?

Як можа фармавацца сучасная беларуская ідэнтычнасць?

У якой ступені на гэты працэс робяць (ці мусяць рабіць) уплыў, з аднаго боку, асэнсаванне сваіх здабыткаў і, з другога боку, памкненне інтэгравацца ў сучасны зьменены сьвет? Read More

“Францішак Скарына і перарваная традыцыя беларускай еўрапейскасці”. Летняя школа Беларускага калегіюма

2–3 верасня

Беларускі Калегіюм запрашае

студэнтаў, выпускнікоў, выкладчыкаў і сяброў супольнасці да ўдзелу ў

Летняй школе 2017.

 

У 2017 годзе спаўняецца 500 гадоў беларускай друкаванай кнізе, беларускай Бібліі і, па вялікім рахунку, беларускай культурнай ідэнтычнасці.

Францішак Скарына ўвёў беларускую культуру ў чацвёрку першых, што здабылі друкаваную перакладную Бібліі да пачатку еўрапейскай Рэфармацыі. Рэфармацыя падштурхнула народы Еўропы да самаасэнсавання і спрычынілася да фармавання новых нацыянальных культур і ў выніку да нацыянальных дзяржаў. У 16 стагоддзі Беларусь была ў самым віры еўрапейскіх рухаў, а часам апыналася на самым фронце інтэлектуальных, культурных і палітычных падзей.

Што далі тыя працэсы нашай краіне з сённяшняга пункту гледжання?

Як паўплывала на беларускае мысленне і фармаванне культурнай прасторы перарванасць еўрапейскай тоеснасці беларусаў?

У якіх інтэлектуальных і культурных кантэкстах знаходзіць сябе цяперашняя беларуская супольнасць?

Што адбываецца ў Беларускай інтэлектуальнай прасторы?

Як можа фармавацца сучасная беларуская ідэнтычнасць?

У якой ступені на гэты працэс робяць (ці мусяць рабіць) уплыў, з аднаго боку, асэнсаванне сваіх здабыткаў і, з другога боку, памкненне інтэгравацца ў сучасны зменены сьвет?

Дзеля абмеркавання гэтых пытаньняў прапануецца тэма Летняй школы:

 

«Францішак Скарына і перарваная традыцыя беларускай еўрапейскасці».

У Школе праца будзе адбывацца ў некалькіх фарматах:

– Выступы вядомых беларускіх інтэлектуалаў, творцаў і мэдыя-асобаў з развагамі на вострыя тэмы беларускай гісторыі, культуры, пісьменства, адукацыі, палітычнай думкі ды інш.

– Студэнцкая канфэрэнцыя, да ўдзелу ў якой запрашаюцца слухачы ўсіх аддзяленняў Беларускага Калегіюму. На абмеркаванне выносіцца праблема зменаў беларускай ідэнтычнасці ў яе гістарычным, культурным, сацыялагічным, камунікатыўна-інфармацыйным ды інш. аспэктах. Канфэрэнцыя дасць магчымасць паглыблена абмеркаваць канцэптуальныя (і не толькі) пытанні, важныя для маладых беларускіх творцаў і інтэлектуалаў.

– Культурная праграма, нефармальныя камунікацыі і добры супольны адпачынак ў спрыяльнай атмасферы.

Да ўдзелу ў Школе запрашаюцца студэнты, выпускнікі, выкладчыкі Беларускага Калегіюму, а таксама сябры супольнасьці і сябры сяброў!

Летняя школа адбудзецца ў суботў і нядзелю 2–3 верасня  ў прывабнай мясцовасці на Глыбоччыне.

Пражыванне ў камфортных дамках з усімі выгодамі.

Заяўкі на ўдзел у Школе і тэмы дакладаў можна дасылаць на адрас:

info@belcollegium.org

Тэрмін падачы заявак да 12 жніўня.

Валанцёрская дапамога вітаецца.

Арганізацыйны ўнёсак 55 рублёў.

Па дадатковую інфармацыю звяртайцеся на info@belcollegium.org

Прага Францішка Скарыны. Навуковае падарожжа Беларускага Калегіюма 3–7 жніўня 2017

Свет Францішка Скарыны

Да 500-годдзя Беларускай друкаванай Бібліі

Сёлета Беларусь адзначае адну з найважнейшых дат сваёй гісторыі і культуры –

500-годдзе беларускай Бібліі, пачатак беларускага і ўсходнееўрапейскага кнігадруку.

«Найвялікшы з усіх юбілеяў, які здольны змяніць фокус нашага самаразумення, надаць нам сілы і веры, з’яднаць і акрыліць.

6 жніўня 1517 годуу дзень Перамянення Гасподняга Францішак Скарына абвясціў Перамяненне для свайго народу: ён даў сваёй краіне друкаваную кнігу і тым самым улучыў яе ў еўрапейскія цывілізацыйныя зрухі, і больш за тое, ён даў сваім людзям Біблію — асноўны аб’яднаўчы тэкст Заходняга свету — на мове, набліжанай да народнай, і тым самым паставіў сваю культуру на самы перад тых цывілізацыйных зрухаў».

(Ірына Дубянецкая, “Дзеяслоў” №1(68), 2017)

 

Каб адзначыць гэтую незвычайную падзею,

Беларускі Калегіюм выпраўляецца ў навуковае падарожжа ў Прагу з Ірынай Дубянецкай

і запрашае ўсіх, каму цікавая беларуская культурная і інтэлектуальная традыцыя.

 

Такое падарожжа можа адбыцца толькі аднойчы!

Мы апынемся там, дзе ўсё пачалося. І ў той самы дзень…

Падчас вандроўкі па чэшскай Празе мы наведаем мясціны, дзе 500 гадоў таму жыў і працаваў беларускі першадрукар Францішак Скарына. А 6 жніўня мы далучымся да шэсця, якое ладзіць пражская беларуская супольнасць.

Мы пройдзем па Старамесцкай плошчы ў гістарычным цэнтры Прагі, пабачым Астранамічны гадзіннік на ратушы, пабачым той самы будынак, дзе, магчыма,, выйшла у свет першая друкаваная беларуская кніга, пройдзем па незраўнаным Карлавым мосце, убачым гатычны Сабор Святога Віта у Пражскім Градзе.

Наведаем Каралеўскія сады і паркі Прагі, якія былі закладзеныя каралеўскм садоўнікам Францішакам Скарынам. Адведаем два помнікі Скарыну ў Празе, адзін з якіх у колішнім Клементынуме – славутай езуіцкай акадэміі, дзе ў 17 стагоддзі вучыліся Язэп Вельямін Руцкі і Рафал Корсак.

Мы нават зможам пачаставацца мясцовымі напоямі ды прысмакамі ў  карчме «У крале Брабанскего», блізу якой быў пражскі дом Скарыны. Ён яе напэўна ведаў і ў магчыма наведваў 500 гадоў таму! І мы адчуем да сваім досведзе, што Прага любіць і захоўвае сваю гісторыю.

Таксама наведаем шмат іншых месцаў, насычаных беларускім духам – бо Прага ва ўсе часы давала прытулак нашым суайчыннікам, сярод якіх урадоўцы БНР, беларуская ўлюбёнка паэтка Ларыса Геніюш, легендарны спявак Міхась Забэйда-Суміцкі, Васіль Быкаў…

А таксама мы даследуем Прагу як адзін з найпрыгажэйшых гарадоў свету, чароўнае і містычнае места, дзе спалучаюцца, некранутыя часам і бяздумнымі адносінамі, розныя архітэктурныя стылі – часта ў межах аднога будынку! І дзе ўсе старыя дамы (а іх там не пералічыць) маюць свае легенды і гісторыі. А самае галоўнае, мы нават зможам пабачыць, якой была і магла б быць Беларусь – бо многія і многія ідэі, дэталі, вобразы архітэктуры і горадабудаўніцтва былі такімі самымі, як і ў нашай амаль дашчэнту зруйнаванай даўніне.

Па Празе з намі прагуляецца выдатны гісторык і літаратар выкшталцоны Сяржук Абламейка.

Падчас падарожжа мы будзем шукаць адказы на шэраг вострых пытанняў, звязаных з жыццем, сутнасцю дзейнасці і поглядамі Францішака Скарына, а таксама пытанняў, звязаных з беларускай гісторыяй ды фармаваннем сучаснай  беларускай ідэнтычнасці. Вось некаторы яз іх:

  • Чаму можна назваць 1517 год – пачаткам беларускай ідэнтычнасці;
  • Якое значэнне адыгралі пераклады Бібліі ў культуратворчых і нацыятворчых працэсах Еўропы і чаму так важна, што першай беларускай кнігаю была Біблія;
  • Як ідзе працэс перакладу Бібліі ў нашыя часы;
  • Што дало Беларусі 16 стагоддзе і што Беларусь 16 стагоддзя дала свету;
  • Чаму Беларусь сышла з еўрапейскага шляху, які праклаў для яе Скарына;
  • Што значыць перарваная традыцыя для сёняшняй Беларусі.

Вядзе падарожжа Ірына Дубянецкая — біблііст, доктар тэалогіі, доктар філасофіі, акадэмічны дырэктар  Беларускага Калегіюма.

Падарожжа пачнецца ў чацвер увечары 3 жніўня  – з тым, каб пераехаць мяжу і заначаваць ў Польшчы, а раніцай 4 жніўня выехаць у Прагу. Такім чынам ўвечары таго ж дня Прага будзе нашаю! Вяртаемся ў панядзелак 7 жніўня. Праезд у камфортным аўтобусе.

Кошт – 185 еўра.

Запісацца і атрымаць дадатковую інфармацыю можна, патэлефанаваўшы па нумары  +375 29 3391474 Галіне.

Англійская мова з “Амерыканкай”: бясплатныя заняткі ў кнігарні “Логвінаў”

Вучым замежныя мовы па мастацкіх творах, параўноўваючы арыгінал з перакладам

Збор сродкаў на кніжную серыю “Амерыканка” працягваецца: http://ulej.by/project?id=199735. У межах краўдфандынг-кампаніі адбудуцца бясплатныя заняткі па англійскай мове для ўсіх ахвочых. Заняткі прыдадуцца слухачам з любым узроўнем англійскай.

На прыкладзе твораў Кена Кізі, Чака Паланюка і Маргарэт Этвуд выкладчыца Наталка Харытанюк пакажа, як можна палепшыць веданне англійскай мовы з дапамогай паралельнага чытання арыгіналу і перакладу.

“Мы пратэстуем некалькі шпіёнскіх мнематэхнік, пагуляем у паслядоўных і сінхронных перакладчыкаў, разыграем эпізод з раману па ролях, сыдзем дадому з 21 новым англійскім словам у сэрцы”, – заахвочвае выкладчыца.

Тры заняткі пройдуць у кнігарні “Логвінаў” (пр.Незалежнасці, 37а, ст.м. “Плошча Перамогі”). Кожны дзень будзе прысвечаны новай кнізе, але методыка застанецца тая ж самая. Мы рэкамендуем слухачам абраць адзін з дзён для занятку.

24 ліпеня (панядзелак). “Байцоўскі клуб”. Вучым англійскую разам з Чакам Паланюкам.

25 ліпеня (аўторак) “Пенелапіяда”. Англійская мова паводле Маргарэт Этвуд.

26 ліпеня (серада) “Палёт над гняздом зязюлі”. Кен Кізі па-англійску і ў перакладзе.

Пачатак штодня ў 19:00. Працягласць занятку – адна гадзіна.

Пытанні пра змест і форму заняткаў можна задаць па тэлефоне: +375297980342 (Наталка)

Уваход вольны, але абавязковая рэгістрацыя. Зарэгістравацца можна тут: https://goo.gl/forms/OWSdR3Jb12PyegWL2

Колькасць месцаў абмежаваная.

Да сустрэчы!

Наталка Харытанюк – беларуская пісьменніца. Скончыла факультэт замежных моў БрДУ. У 2007 годзе на філалагічным факультэце БДУ абараніла магістарскую дысертацыю па творчасці Джуліяна Барнза. Выкладала англійскую мову на факультэце міжнародных адносін БДУ і ў моўнай школе Streamline. Ладзіць індывідуальныя і групавыя заняткі па английскай мове для дзетак і дарослых.

Літаратурная серыя “Амерыканка” аб’яднала кнігі культавых пісьменнікаў Паўночнай Амерыкі пра свабоду і чалавечую годнасць. Перакладчыкі бясплатна пераклалі ўлюбёныя творы, бо хочуць папулярызаваць важныя для сябе ідэі на сваёй мове.Грошы на аўтарскія правы і выданне кніг яны збіраюць з дапамогай краўдфандынгу:

Запрашаем у “Падарожжа па беларускай Сонечнай сістэме і не толькі”

8 ліпеня 2017 года

Беларускі Калегіюм запрашае ў навуковае падарожжа

Беларускі космас:

Падарожжа па беларускай Сонечнай сістэме і не толькі

Станькава

Юпітэр – гэта вярхоўны рымскі бог, а яшчэ – самая вялікая планета Сонечнай сістэмы, а яшчэ… вёска непадалёк ад Мінска. А побач, цалкам прадказальна, – Марс. А вакол іх – уся Беларусь. З руінамі шыкоўных сядзіб, старажытнымі дубамі, што – людзі вераць – памагаюць спаўняць жаданні, партызанскімі зямлянкамі, святымі крыніцамі і магіламі святых. А таксама геніяльнымі паэтамі, рамантычнымі і драматычнымі легендамі і вазáмі гісторый.

Усё гэта мы можам дасьледаваць у нашым новым навуковым падарожжы з цыкла “Вера Беларусі”. А таксама даследуем трансфармацыю веры ад часоў позняй Рэчы Паспалітай да Другой Сусветнай вайны, адведаем месца балтыйска-чарнаморскага водападзелу, “пекла на зямлі” паводле Янкі Купалы ды месца ацалення ўсіх хворых паводле святой Валянціны Мінскай.

Наш маршрут будзе пралягаць праз Касынь, Сёмкаў Гарадок, Сёмкава, Станькава, Марс, Юпітэр, Крысава.

Вядзе падарожжа акадэмічны дырэктар Беларускага Калегіюму Ірына Дубянецкая

Інфармацыя па тэлефоне +375 29 1987154 (Валянціна).

7 чэрвеня – выпускная вечарына

7 чэрвеня ў беларускім ПЭН-цэнтры (вуліца Залатая горка 2-101, дамафон 101) адбудзецца выпускная вечарына і ўручэнне сертыфікатаў за 2016/2017 навучальны год. Пачатак у 18:00.

Будзем рады бачыць усіх навучэнцаў!